Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 22 Сакавік 2023 16:38

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў конкурс чытальнікаў "Паэзіі цудоўная старонка"

IMG 3253Конкурс быў прысвечаны Сусветнаму Дню паэзіі, які адзначаецца 21 сакавіка. Галоўная мэта гэтага дня – падкрэсліць тое найвялікшае значэнне, якое адыгрывае літаратура ў культурным жыцці сучаснага грамадства, аб'яднаць паэтаў усяго свету і даць ім права і магчымасць заявіць пра сябе!

У конкурсе прынялі ўдзел студэнты, навучэнцы Гуманітарнага, Ваўкавыскага, Лідскага і Тэхналагічнага каледжаў, а таксама работнікі ўніверсітэта. Конкурс праводзіўся па дзвюх намінацыях: "Аўтарскае чытанне" і "Мастацкае чытанне".

Для ўдзелу неабходна было падабраць і падрыхтаваць адзін вершаваны твор і прачытаць яго на памяць. Журы ацанілі арыгінальнасць выканання, глыбокае разуменне сэнсавай нагрузкі вершаванага твора і артыстызм, а таксама якасць выканання, вымаўлення, правільную пастаноўку лагічнага націску, выбар тэмпу чытання, захаванне паўзаў і інтанацыі.

Па выніках конкурсных іспытаў пераможцам у намінацыі "Аўтарскае чытанне" стала студэнтка педагагічнага факультэта Ангеліна Целеш. 2 месца заняла Ангеліна Тучкоўская, навучэнка Лідскага каледжа, а 3 месца прысвоілі студэнту педагагічнага факультэта Мікіце Хмяльніцкаму і тэхніку 1 катэгорыі вытворча-камерцыйнага аддзела Выдавецкага цэнтра Маргарыце Пякуцьку.

У намінацыі "Мастацкае чытанне" 1 месца падзялілі паміж сабой Сяргей Яромчык, студэнт факультэта біялогіі і экалогіі, і студэнтка педагагічнага факультэта Эліна Велесік. 2 месца - навучэнка Лідскага каледжа Арына Ханько. Дыпломам за 3 месца ў конкурсе чытальнікаў былі адзначаны навучэнка Гуманітарнага каледжа Марына Швяцова і студэнтка філалагічнага факультэта Марыя Краснюк.

Дзякуем канкурсантам за іх цікавыя выступленні. Жадаем поспехаў у творчасці!