Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 23 Люты 2023 09:54

У ГрДУ iмя Янкi Купалы прайшоў адкрыты дыялог, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы

IMG 3491 21 лютага дыялогавая пляцоўка «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...» аб'яднала студэнтаў розных курсаў і факультэтаў Купалаўскага ўнiверсiтэта.

У мерапрыемстве прынялі актыўны ўдзел прарэктар па выхаваўчай рабоце Васіль Сянько, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце педагагічнага факультэта Алена Лапкоўская, загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Руслан Казлоўскі, старшыня Савета маладых навукоўцаў, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Аляксандр Горны.

Мадэратарам мерапрыемства выступiла студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Вольга Навіцкая.

 

Галоўнай перадумовай адкрытага дыялогу стала думка пра тое, што студэнты ўніверсітэта, які носіць імя вядомага беларускага паэта Янкі Купалы, маюць запавет – любіць і берагчы родную мову.

У сваім звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ iмя Янкi Купалы падкрэсліў, што развіццё мовы непарыўна звязана з развіццём грамадства. Мова – гэта жывы арганізм, які паддаецца ўплыву гістарычных, палітычных і сацыяльных зменаў.

­– Дарагія сябры! Шаноўнае спадарства! Дзень роднай мовы – асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Кожны народ выяўляе сябе ў родным слове, пачутым з маленства з вуснаў маці. У нашым універсітэце да Дня роднай мовы праводзіцца вялікая колькасць беларускамоўных мерапрыемстваў: адкрытыя дыялогі, канферэнцыі і сяброўскія сустрэчы. З кожным годам ўсё больш студэнтаў далучаецца да гэтых мерапрыемстваў. – адзначыў Васіль Сянько.

Напрыканцы мерапрыемства Вольга Навіцкая працытавала словы Янкі Сіпакова: «Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам». І з гэтымі словамі нельга не пагадзіцца.