Для ўдзелу прымаюцца аўтарскія плакаты фармату А3, якія папулярызуюць здаровы лад жыцця, адмову ад алкаголю, тытуню, азартных гульняў і наркотыкаў. Работы могуць быць выкананы адным аўтарам або групай у адной з тэхнік - жывапіс, графіка, калаж - або спалучаць у сабе некалькі тэхнік. Інфармацыю аб аўтарах неабходна размясціць на адваротным баку плаката ў левым ніжнім куце.
Пераможцаў конкурсу студэнцкіх плакатаў "Свабодны ад залежнасцяў" вызначаць у намінацыях "Самы яркі малюнак", "Лепшы дызайн плаката", "Лепшае тэхнічнае выкананне", "Лепшы сацыяльна-накіраваны плакат", "Лепшае выкананне ідэі", "Лепшы плакат-комікс" і "Лепшы матывацыйны плакат". Журы будзе ацэньваць арыгінальнасць ідэі, мастацкае выкананне, навізну сюжэту, яркасць і выразнасць працы, яе асветніцкую і выхаваўчую скіраванасць.
Мэта конкурсу - прафілактыка шкодных звычак і залежнасцяў, а таксама развіццё ў студэнцкай моладзі пачуцця адказнасці за сваю будучыню. Для ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх плакатаў “Свабодны ад залежнасцяў” трэба прадставіць матэрыялы (плакат + заяўка) ва ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, каб. 308.
Кантактны нумар тэлефона: 39-72-09; e-mail: csi@grsu.by.