Магістр біялагічных навук Арцём Вейко працуе на кафедры біяхіміі Купалаўскага ўніверсітэта. Стаўшы стыпендыятам Польскай нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, ён атрымаў магчымасць прайсці двухмесячную стажыроўку ў Беластоцкім універсітэце. Разам з польскімі біяфізікамі Арцём Вейко зоймецца даследаваннем біяхімічнай і біяфізічнай актыўнасці асобных флаваноідаў з мадэльнымі ліпіднымі мембранамі.
- Адной з найважнейшых задач, якія стаяць перад сучаснай біяхіміяй і біяфізікай, а таксама медыцынай, з'яўляецца пошук і распрацоўка бяспечных і эфектыўных лекаў, у тым ліку прэпаратаў на аснове поліфенолаў раслін, флаваноідаў, - распавёў Арцём Вейко. - Мэта маіх даследаванняў - зразумець механізмы біялагічнай актыўнасці поліфенолаў і стварыць субстанцыі, якія маглі б карэктаваць паталагічныя працэсы, такія, як акісляльны стрэс ці запаленне, а таксама метабалічныя парушэнні ў арганізме, да прыкладу, дыябет. Біяфізікі Беластоцкага ўніверсітэта ўжо шмат гадоў вывучаюць біялагічную актыўнасць злучэнняў расліннага паходжання. І, я спадзяюся, што стажыроўка па праграме ЮНЕСКА дапаможа мне рэалізаваць мае навуковыя планы.
Прадстаўнікі кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы даўно паспяхова супрацоўнічаюць з даследнікамі кафедры мікрабіялогіі і біятэхналогіі Беластоцкага ўніверсітэта. Імі апублікавана нямала сумесных даследчых работ у навуковых часопісах. Вынікі эксперыментальнай працы з польскімі даследчыкамі магістра біялагічных навук з Гродна Арцёма Вейко таксама будуць апублікаваныя і, магчыма, стануць асновай сумеснага даследчага праекта ў будучыні.