Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Студзень 2020 08:34

V дыстанцыйны міжнародны адукацыйны марафон «Купалаўскія праекты» ўрачыста адкрылі ў ГрДУ імя Янкі Купалы 24 студзеня

17885 94На працягу паўгода ўдзельнікам марафону трэба будзе распрацаваць і прадставіць свае сеткавыя праекты.

Павітаў удзельнікаў мерапрыемства - актыўных педагогаў, зацікаўленых у распрацоўцы і правядзенні якасных навучальных сеткавых праектаў - прарэктар па вучэбнай працы Юрый Белых. Ён пажадаў педагогам поспехаў і выказаў упэўненасць, што марафон пройдзе плённа і цікава.

- Мерапрыемствы, на якіх ёсць магчымасць падзяліцца сваімі напрацоўкамі, павучыцца адзін у аднаго і пераняць вопыт, маюць асаблівае значэнне для тых, хто працуе ў сферы адукацыі. Я спадзяюся, што «Купалаўскія праекты» стануць чарговым крокам да ўдасканалення кожнага з нас, нашых устаноў адукацыі, а таксама сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Неабходнасць бесперапынна развівацца ў прафесіі педагога і ісці ў нагу з часам асабліва падкрэсліла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Святлана Кавалеўская:

- Наша грамадства развіваецца так імкліва, што засваенне сучасных інфармацыйных тэхналогій - гэта адна з асноўных задач сучаснай адукацыі і адна з асноўных кампетэнцый добрага педагога. Асабліва актуальная гэтая тэма ў выхаваўчай і сацыяльнай рабоце, дзейнасці класных кіраўнікоў, куратараў вучэбных груп. У Гродзенскай вобласці добры імідж у выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Сённяшняе мерапрыемства - гэта не толькі пляцоўка для прафесійных канструктыўных зносін, але і адзін са спосабаў павысіць якасць адукацыі і іміджу нашай нацыянальнай адукацыі.

Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка адзначыла, што падобныя мерапрыемствы даюць выкладчыкам неабходныя веды, каб у будучыні перадаваць іх сваім вучням.

- Калі чалавек умее ствараць праекты - ён умее выразна ставіць мэты, вучыцца мэту разбіваць на задачы, складаць план, арганізоўваць яго і ўкараняць у жыццё, аналізаваць, карэктаваць, рабіць высновы. Акрамя таго, фармуецца ўменне пераконваць, весці за сабой людзей, прэзентаваць ідэю.

Пра досвед удзелу ў «Купалаўскіх праектах» і выкарыстанні інтэрнэт-тэхналогій у адукацыі ў рамках цырымоніі адкрыцця распавялі тыя выкладчыкі, якія прымаюць удзел у форуме ўжо не ў першы раз.

Гэта выкладчык спецыяльных дысцыплін тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Пчэльнік, загадчыца аддзялення Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага Валянціна Шаўчэнка, настаўнік хіміі і біялогіі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Леанід Шафарэвіч, настаўнік англійскай мовы Гімназіі 1 г. Слоніма Ірына Валынец і дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Наталля Семянчук.

Па словах арганізатара мерапрыемства, дацэнта кафедры сучасных тэхналогій праграмавання Ніны Макаравай, марафон накіраваны на навучанне педагагічных работнікаў тэхналогіі стварэння навучальных сеткавых праектаў і праводзіцца на аснове багатага вопыту развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў, атрыманага ў рамках адукацыйных марафонаў «Купалаўскія праекты» у 2016-2019 гадах і дыстанцыйнага курса ад кампаніі Intel «Праектная дзейнасць у інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі 21 стагоддзя».

Марафон «Купалаўскія праекты» праходзіць у некалькі этапаў. Гэта рэгістрацыя ўдзельнікаў, стварэнне задум сеткавых праектаў, папярэдняя экспертыза задум сеткавых праектаў, прызначэнне кіраўнікоў, паэтапная распрацоўка сеткавых праектаў. Пасля чаго праходзіць экспертыза сеткавых праектаў і іх апрабацыя ў фармаце трэнінгу «Вясновая сесія», экспертыза для ўключэння ў базу праектаў. Распрацоўка сеткавых праектаў ажыццяўляецца ў камандах, сфармаваных зыходзячы з інтарэсаў удзельнікаў марафону, у адпаведнасці з вынікамі падрыхтоўчага этапу.

Мэта марафону - развіццё сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў краін СНД і іншых краін, апрабацыя тэхналогій асваення сеткавай праектнай дзейнасці, развіццё прафесійна кампетэнтных педагогаў, павышэнне цікавасці замежных педагогаў да Рэспублікі Беларусь і яе адукацыйнай сістэмы. У ліку задач марафону - развіццё і ўмацаванне дружалюбных сувязяў паміж педагогамі розных краін, развіццё тэхналогій дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, павышэнне прэстыжу ўніверсітэта.

Марафон праводзіцца пры падтрымцы Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.