Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 19 Сакавік 2019 10:00

Юрыдычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы пашырае міжнароднае супрацоўніцтва

12649 2У рамках праграмы «Запрошаны прафесар» ГрДУ імя Янкі Купалы наведалі доктар права, прафесар, дэкан юрыдычнага факультэта Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальдта Марцін Хегер і доктар права, прафесар, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Універсітэта ў Беластоку Ева Моніка Гузік-Макарук.

Падчас візіту на юрыдычны факультэт прафесарам Марцінам Хегерам былі прачытаны лекцыі для студэнтаў спецыяльнасцяў "Мытная справа" і "Міжнароднае права" па дысцыплінах «Крымінальнае права» і «Юрыдычная этыка». Ева Моніка Гузік-Макарук прачытала лекцыі па дысцыпліне «Крымінальнае права» для студэнтаў спецыяльнасці «Мытная справа». Лекцыі прафесараў выклікалі вялікую цікавасць як у студэнтаў, так і ў выкладчыкаў купалаўскага ўніверсітэта.

У рамках візіту адбылася сустрэча гасцей з дэканам юрыдычнага факультэта Святланай Чабуранавай, а таксама загадчыкам кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Рымай Ключко і іншымі супрацоўнікамі, падчас якой бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, і пазнаёмілі гасцей з гісторыяй факультэта і ўніверсітэта, дасягненнямі беларускіх навукоўцаў-юрыстаў.

У рамках візіту ў ГрДУ імя Янкі Купалы Ева Моніка Гузік-Макарук таксама прыняла ўдзел у XXI міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Тэндэнцыі развіцця юрыдычнай навукі і практыкі ўдасканалення прававых інстытутаў ва ўмовах фарміравання інавацыйнага грамадства». Акрамя таго, Марцін Хегер і Ева Моніка Гузік-Макарук наведалі Музей гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы і пазнаёміліся са славутасцямі горада Гродна.

 

12649 1