Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут мовазнаўства Расійскай Акадэміі Навук і Інстытут заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі. Канферэнцыя сабрала юрыстаў і лінгвістаў, навукоўцаў і практыкаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі, Амерыкі, Канады і іншых краін. Магістральная ідэя, якая аб'яднала прадстаўнікоў розных сфер навуковай дзейнасці, - ідэя аб тым, што розныя сферы жыцця чалавека, у тым ліку і заканадаўчая, у ХХI стагоддзі схільны да глабальнай медыятызацыі.
Тамара Піваварчык сумесна з загадчыкам кафедры медыялінгвістыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ліліяй Дускаевай правяла панэльную дыскусію «Тыпалогія камунікацый у лічбавую эпоху», а таксама выступіла з дакладам «Малая радзіма ў глабальнай вёсцы: інфармацыйныя прасторы і камунікатыўныя практыкі». Іна Мінчук выступіла з дакладам «Інстытуцыянальны дыскурс у мессенджэры: глабальны і лакальны аспекты».
Удзел прадстаўнікоў купалаўскага ўніверсітэта ў канферэнцыі рэалізаваны ў рамках выкананага сумесна з калегамі з Нацыянальна-даследчага ўніверсітэта "Вышэйшая школа эканомікі" (г. Масква) і Інстытута мовазнаўства Расійскай Акадэміі Навук праекта «Культура камунікацый ва ўмовах лічбавай і сацыякультурнай глабалізацыі: глабальны і лакальны аспекты» пры падтрымцы БРФФД і РГНФ. У рамках рабочай сустрэчы і семінара з удзельнікамі навуковага праекта адбылося абмеркаванне вынікаў даследаванняў і перспектыў далейшага супрацоўніцтва.
У канцы лістапада запланавана чарговая сустрэча, на гэты раз на базе ГрДУ імя Янкі Купалы: маскоўскія калегі прымуць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сацыяльныя, культурныя і камунікатыўныя практыкі ў дынаміцы грамадскага развіцця», якую праводзіць факультэт гісторыі камунікацыі і турызму.