Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 12 Люты 2018 10:48

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася сустрэча з Героем Расійскай Федэрацыі, лётчыкам-касманаўтам, вядомым вучоным і грамадскім дзеячам Юрыем Міхайлавічам Батурыным

 MG 9562Сустрэчы ў фармаце адкрытага дыялогу з расійскімі навукоўцамі, акцёрамі, пісьменнікамі, журналістамі для купалаўцаў ужо сталі добрай традыцыяй. Госць універсітэта - Юрый Міхайлавіч Батурын - доктар юрыдычных навук, прафесар, член-карэспандэнт РАН РФ, Герой Расіі, лётчык-касманаўт і, як паказала сустрэча, цікавы і праніклівы суразмоўца.

Прадставіў госця купалаўцам прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Васільевіч Сянько, а мадэраваў сустрэчу беларускі гісторык, палітолаг і публіцыст Вадзім Францавіч Гігін. Тэма, якая на дзве гадзіны захапіла студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, - «Космас пачынаецца з зямлі».

Юрый Міхайлавіч не толькі распавёў пра асаблівасці  будовы касмічных караблёў, спецыфіку правядзення ўзлёту, стыкоўкі і пасадкі, але і падзяліўся фактамі з жыцця касманаўтаў на борце карабля. Свой аповяд Юры Батурын дапоўніў прэзентацыяй з унікальнымі фотаздымкамі касмічных станцый, зямнога шара, зробленымі з космасу. Некаторыя са здымкаў былі зроблены самім госцем, бо ў спіс яго захапленняў уваходзіць фатаграфія.

За дзве гадзіны, якія працягвалася сустрэча, студэнты паспелі распытаць Юрыя Міхайлавіча аб тым, што такое «касмічная журналістыка», як суадносяцца праўда і выдумка ў сучасных фільмах пра космас, чым адрозніваюцца жонкі касманаўтаў ад усіх іншых жанчын, і, вядома, пра тое, як удаецца госцю быць пасьпяховым чалавекам у самых розных сферах жыцця.

Развітваючыся з купалаўцамі, Юрый Батурын даў некалькі парадаў маладым людзям, якім трэба будзе вызначаць далейшых ход свайго жыцця. Галоўнае слова на дарогу гучала так:

- Не паддавайцеся еркаванням большасці. Прыслухоўвайцеся да парад, але рашэнне прымайце самі. Слухайце сябе!

Сустрэча з Юрыем Батурыным была арганізавана ў рамках Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці па ініцыятыве ГА «Беларускі саюз журналістаў» і Міжнароднага медыя-клуба «Фармат-А3» пры падтрымцы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, газеты "Гродзенская праўда", Цэнтра па сувязях з грамадскасцю, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.