Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 30 Лістапад 2017 09:27

Мастацкія кіраўнікі вакальных і эстрадных студый з розных рэгіёнаў, прадстаўнікі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў краіны сабраліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 2802У купалаўскім універсітэце праходзіць Рэспубліканскі семінар-практыкум для кіраўнікоў калектываў вакальнага напрамку «Вакальнае мастацтва ў кантэксце музычнай культуры моладзі: актуальныя пытанні адукацыі і творчасці».

–Правядзенне семінара вельмі важна для выкладчыкаў вакалу і мастацкіх кіраўнікоў творчых калектываў. На працягу двух дзён яны будуць пераймаць перадавы прафесійны вопыт калег і падзеляцца сваім, - распавяла начальнік аддзела культурна-масавай і дасугавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Алена Стэльмах.

У рамках семінара працуе навукова-метадычная пляцоўка, дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць актуальныя пытанні музычнай культуры моладзі. Акцэнт зроблены на студэнцкай творчасці ў сістэме выхаваўчай працы, тэхналогіях выкладання дысцыплін вакальнага цыкла і на мастацтве як сродку эмацыйнага ўздзеяння на аўдыторыю гледачоў.

Удзельнікі наведаюць майстар-класы вакальнага ансамбля навучэнцаў «Раскоша» Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, выкладчыкаў кафедры музычнага мастацтва і падрабязней даведаюцца аб фарміраванні правільнай пеўчай пазіцыі, вакальна-харавых і выканальніцкіх навыкаў у ансамблі народнай песні і мастацка-выразных магчымасцях тэмбравага ансамбля.

Таксама сёння, 29 лістапада, пройдзе прэзентацыя факультэта мастацтваў і дызайну, якая завершыцца канцэртам «Усё можа маладосць» з удзелам студэнтаў і творчых калектываў Гродзенскага ўніверсітэта і горада.

Працягнецца семінар 30 лістапада. Калегі працягнуць абмяркоўваць актуальныя праблемы музычнага мастацтва і пабываюць у творчай лабараторыі  «Эстрадны вакал: манера і манернасць, ці як здабыць свой твар», якую прадставяць супрацоўнікі трох універсітэтаў нашага горада.

Арганізатарамі семінара выступілі Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і ГрДУ імя Янкі Купалы.