Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Сакавік 2017 09:40

Вядомы вучоны-педагог Расіі, Заслужаны дзеяч навукі РФ, лаўрэат Прэміі Урада Расіі ў галіне адукацыі Уладзіслаў Серыкаў наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы

AMG 2443 98bc84edb8У рамках візіту госць прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «ТехноОБРАЗ’2017», падпісаў дамову аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Інстытутам стратэгіі развіцця адукацыі Расійскай акадэміі адукацыі, а таксама правёў лекцыю і круглы стол на педагагічным факультэце.

Сёння Уладзіслаў Серыкаў працуе ў Інстытуце стратэгіі развіцця адукацыі Расійскай акадэміі адукацыі намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. Акрамя таго, з'яўляецца загадчыкам кафедры кіравання педагагічнымі сістэмамі Валгаградскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і дырэктарам Інстытута асобасна арыентаванай адукацыі пры ВДПУ.

Уладальнік шматлікіх званняў, сярод якіх член-карэспандэнт РАА, Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, лаўрэат Прэміі Урада Расіі ў галіне адукацыі. Узнагароджаны медалём імя К.Д. Ушынскага, які ўручаюць педагагічным работнікам Расіі за значныя дасягненні ў педагогіцы, дыдактыцы і псіхалогіі і за ўклад ва ўдасканаленне сучаснай сістэмы адукацыі.

У 1996 годзе атрымаў навуковую ступень доктара педагагічных навук, у 1991 годзе стаў прафесарам. Падрыхтаваў 80 кандыдатаў навук і 18 дактароў навук. Апублікаваў больш за 300 навуковых прац, 10 манаграфій і зборнік вершаў «Дарогі і сустрэчы».

Вучоны-педагог вядомы сваімі арыгінальнымі даследаваннямі ў галіне метадалогіі і тэорыі інавацыйнай дзейнасці ў адукацыі, асобаснага падыходу ў праектаванні адукацыйных сістэм. Распрацоўшчык культуралагічнай канцэпцыі адукацыі, палажэнні якой адкрылі магчымасць праектавання і рэалізацыі інавацыйных педагагічных сістэм у сярэдняй і вышэйшай школе.

Прыярытэт у працы Уладзіслаў Серыкаў аддае павышэнню якасці навукова-педагагічных даследаванняў і эфектыўнасці іх уплыву на адукацыйную практыку, умацаванню аўтарытэту педагагічнай навукі, статусу выкладчыка ВНУ, настаўніка і педагагічнай адукацыі.

Уладзіслаў Уладзіслававіч уваходзіць у рэдакцыйныя парады шматлікіх навуковых часопісаў. У іх ліку «Айчынная і замежная педагогіка» (Масква), «Каштоўнасці і сэнсы» (Масква), «Чалавек і адукацыя» (Санкт-Пецярбург), «Весткі Варонежскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта" (Варонеж), «Весткі Валгаградскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта», «Бізнэс і адукацыя» (Валгаград) і многія іншыя.