Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 07 Жнівень 2026 17:16

Як Летняя школа адчула магію народных рамёстваў

Group 52Сёння ўдзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры змянілі ўтульныя сцены бібліятэкі галоўнага корпуса на маляўнічыя краявіды Навагрудчыны і гістарычныя куткі Карэліччыны. Калі цэлы тыдзень выкладчыкі і супрацоўнікі набліжалі Беларусь да навучэнцаў у аўдыторыях, то сёння яны выправіліся ў сапраўднае падарожжа!

Першым прыпынкам стаў аддзел рамёстваў Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Для гасцей правялі экскурсію па музейнай экспазіцыі, дзе сабраны ўнікальныя ўзоры вышыўкі, вырабы з тканіны, гліны і металу, беражліва захаваныя ў мясцовых вёсках. Навучэнцы пабачылі і сучасныя працы юных выхаванцаў цэнтра, якія працягваюць ствараць згодна з мастацкімі традыцыямі. Майстрыха прадэманстравала працу за ткацкім станком і адзначыла спецыфіку ткацтва, уласцівую менавіта Навагрудскаму краю.

Далей удзельнікаў чакаў захапляльны майстар-клас па навагрудскай выцінанцы-выбіванцы. Гэта адметная тэхніка, дзе малюнак на паперы выбіваецца спецыяльнымі прыладамі або металічнымі трубкамі, а асновай кампазіцыі служыць ромбападобная сетка. Раней такімі карункавымі папяровымі вырабамі ўпрыгожвалі хаты – стваралі ручнікі для ікон і занавескі з кветкамі, зоркамі і птушкамі. Галоўным захоўнікам гэтай нематэрыяльнай спадчыны сёння з’яўляецца народны майстар Беларусі Наталля Клімко.

Пасля агляднай экскурсіі па знакавых мясцінах Навагрудка падарожнікі накіраваліся ў аграгарадок Райца Карэліцкага раёна, дзе завіталі ў гістарычную сядзібу Раецкіх-Путкамераў. Панскі дом у стылі класіцызму і рэшткі старадаўняга парку захавалі памяць пра Марылю Путкамер – каханую Адама Міцкевіча. Тут навучэнцаў чакаў яшчэ адзін творчы майстар-клас па саломкапляценні ад майстрыхі Веры Салдатавай.

Напрыканцы дня госці наведалі мясцовую святыню – царкву Святой Варвары, якая першапачаткова была пабудавана як касцёл, а пазней пераасвечана ў праваслаўны храм. Пра яе багатую гісторыю навучэнцам распавёў святар Аляксей Шышкір.

Дзень выдаўся надзвычай насычаным і эмацыйным. Спадзяемся, нам удалося перадаць хоць частку той незабыўнай атмасферы і каштоўных ведаў, якімі сёння напоўніліся сэрцы ўдзельнікаў Летняй школы!