Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Люты 2024 20:02

Дзевяць валейбольных каманд пазмагаюцца за Кубак рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 9515Дзесяты раз у ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць Міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара. З 27 па 29 лютага лепшыя валейбалісты ВНУ Беларусі і Расіі прадэманструюць свае ўменні ва ўладанні мячом.

Гэты турнір з'яўляецца не толькі спартыўнай падзеяй, але і пляцоўкай для абмену вопытам і ўмацавання сяброўскіх сувязей паміж студэнтамі розных універсітэтаў. Удзельніцы спаборніцтваў гатовы да гарачых бітваў на валейбольнай пляцоўцы, каб паказаць сваю цягавітасць, спрыт і камандны дух.

Сёлета ў спаборніцтвах бяруць удзел дзевяць каманд – Балтыйскі федэральны ўніверсітэт імя Імануіла Канта, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, адасобленае структурнае падраздзяленне СДЮШАР Установы фізічнай культуры і спорту «Валейбольны клуб «Гродзенскі камунальнік», Санкт-Пецярбургскі горны ўніверсітэт, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Традыцыйна турнір прымеркаваны да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта. Як адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, вітаючы ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі адкрыцця, турнір - гэта не проста мерапрыемства. Гэта важная вяха ў гісторыі купалаўцаў. Таксама яна выказала падзяку рэктарам універсітэтаў, якія адправілі каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах.

Сярод гасцей урачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднага турніру сярод жаночых каманд па валейболе на Кубак рэктара начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Максім Малахоўскі, Старшыня Валейбольнага клуба «Гродзенскі камунальнік» Яўген Ародзь, начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей Кулакоў.

Турнір па валейболе на Кубак рэктара з'яўляецца адной з яркіх спартыўных падзей ва ўніверсітэцкім жыцці, які садзейнічае развіццю спартыўнай культуры сярод студэнтаў і падтрымлівае здаровы лад жыцця.