Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 21 Люты 2024 13:52

ГрДУ імя Янкі Купалы напісалі «Купалаўскую дыктоўку»

IMG 8215 3Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы напісалі традыцыйную «Купалаўскую дыктоўку», якая праходзіць ў шосты раз. Дыктоўка прымеркаваная і да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта: 22 лютага яму спаўняецца 84 гады.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Нішто так не яднае народ, як мова і радзіма. Кожны чалавек павiнен ведаць i паважаць мову сваёй радзімы. Важна ўсвядомiць, што мова – гэта наша багацце, а ведаць i абараняць яе – наш абавязак, – адзначыла ў сваёй прамове рэктар.

У вялікай аудыторыі ўніверсітэта сабраліся студэнты і выкладчыкі, каб праверыць свае веды беларускай літаратурнай мовы і правапісу. Удзельнікі святочнай акцыі ўважліва слухалі голас вядоўцы, якая чытала тэкст, пасля чаго кожны спрабаваў запісаць яго пад дыктоўку. Час ішоў хутка, а напружанне расло з кожным сказам. Разам з купалаўцамі дыктоўку пісалі і замежныя ўдзельнікі, далучыўшыся пасродкам платформы ZOOM.

Як падкрэсліла загадчык кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Садоўская, пісаць «Купалаўскую дыктоўку» ў Дзень роднай мовы ўжо стала добрай традыцыяй ва ўніверсітэце.

«Купалаўскую дыктоўку» пісалі адразу ва ўсіх карпусах універсітэта, а таксама ў каледжах. У кожнай установе налічвалася каля 100 удзельнікаў акцыі.

Адказная місія сёння была ў студэнткі спецыяльнасці «Журналістыка» – пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2024» Анастасіі Кісель. Менавіта яна чытала тэкст купалаўцам і тым, хто далучыўся да дыктоўкі па відэасувязі.

Сёлета тэкст дыктоўкі прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. Гэта своеасаблівая праява любові да роднага краю. Мы павінны памятаць тыя жудасныя гады, каб больш ніколі такое не паўтарылася, – распавяла Анастасія Кісель.

Сваімі ўражаннямі ад першай спробы напісаць дыктоўку па-беларуску падзяліўся студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Сахабанду Шаніл Крыстафер:

Я первый раз пишу на белорусском языке. Мне было очень сложно, но и очень интересно. Белорусский язык – красивый, и писать на нем мне понравилось.

Напрыканцы мерапрымства на тварах многіх удзельнікаў зайграла лагодная ўсмешка: яны былі задаволены як вынікамі дыктоўкі, так і тым, што далучыліся да знакавай падзеі ў святочны для ўніверсітэта тыдзень.