Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 07 Люты 2024 14:45

ГрДУ імя Янкі Купалы падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Узбекістана

photo 5336924661658801697 yПадпісанне адбылося ў рамках афіцыйнага візіту дэлегацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Узбекістан. Праграма ўдзельнікаў візіту насычаная, важнай яе часткай стаў круглы стол, дзе і былі падпісаны пагадненні паміж універсітэтамі дзвюх краін, што дасць магчымасць больш прадукцыйна рэалізаваць супрацоўніцтва ў адукацыйным асяроддзі.

У склад дэлегацыі ўвайшла і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з рэктарам Ургенцкага інавацыйнага ўніверсітэта Мадамінам Ішмуратавым, а таксама з рэктарам Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Садрыцінам Турабджанавым.

Падпісаныя дамовы дазволяць пашырыць поле для супрацоўніцтва і наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне ў навуковай і адукацыйнай сферах, здзяйсняць акадэмічны абмен студэнтамі і супрацоўнікамі. Гэта дазволіць узбагаціць навучальны працэс бакоў і адкрые новыя магчымасці як перад купалаўцамі, так і перад замежнымі калегамі.

Дарэчы, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы падтрымлівае ініцыятыву Ургенцкага інавацыйнага ўніверсітэта прыняць удзел у пленарным і секцыйных пасяджэннях міжнароднай навуковай канферэнцыі «Актуальныя пытанні сацыяльна-гуманітарных навук у развіцці сучаснай навукі».