Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 03 Кастрычнік 2023 16:57

Купалаўцы прынялі ўдзел у форуме Саюзнай дзяржавы

photo 5249240606503457060 yЗ 3 па 4 кастрычніка ў Мінску на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць форум Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс». Удзел у падзеі прынялі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазоравіч і намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Андрэй Гецэвіч.

Праца форуму пачалася з пленарнага пасяджэння і працягнулася ў рамках трох профільных секцый, дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць праблемы ключавых напрамкаў расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне захавання гістарычнай памяці і процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі, фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцяў у працэсе выхавання новага пакалення, актуальных пытанняў гістарычнай адукацыі, гісторыка-прававых ацэнак і падыходаў у вывучэнні і асвятленні нацысцкага генацыду на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Ірына Кітурка выступіла з дакладам на секцыі «Ключавыя напрамкі расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне захавання гістарычнай памяці і процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі». Рэктар расказала аб навуковым патэнцыяле Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі.

Віктар Белазоравіч выступіў на пленарным пасяджэнні з дакладам «Інтэрпрэтацыя агульнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і Расіі ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі». Андрэй Гецэвіч прадставіў даклад, прысвечаны новым фактам у дзейнасці Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў пасляваенны перыяд.

У цэлым форум прысвечаны захаванню гістарычнай памяці Беларусі і Расіі, накіраваны на процідзеянне фальсіфікацыі сумеснай гісторыі дзвюх краін, перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, уключаючы рэабілітацыю нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, з дапамогай умацавання гуманітарных сувязяў і развіцця супрацоўніцтва.

У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, органаў улады і дзяржаўнага кіравання Беларусі і Расіі, устаноў вышэйшай адукацыі, навуковых колаў і экспертнай супольнасці, музеяў, архіваў, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі дзвюх краін.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі, Фонд «Гістарычная памяць» і Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Форум праходзіць пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.