Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Жнівень 2023 10:30

Ірына Карлюкова прыняла ўдзел у прэс-канферэнцыі «Завяршэнне ўступнай кампаніі - 2023»

IMG 2982Сёлета Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы набраў абітурыентаў на новую спецыяльнасць з бесперапынным навучаннем. Адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова выступіла на прэс-канферэнцыі «Завяршэнне ўступнай кампаніі - 2023», якая адбылася ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

У 2023 годзе падчас прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэт залічылі 2357 студэнтаў на 53 спецыяльнасці вышэйшай адукацыі.

Упершыню сёлета мы абвясцілі набор у Гродзенскім рэгіёне на спецыяльнасць «Архітэктура», выпускнікі якой адразу атрымаюць ступень магістра, − расказала Ірына Карлюкова.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Купалаўскага ўніверсітэта падкрэсліла, што самы высокі конкурс быў на спецыяльнасці «Графічны дызайн» і «Мультымедыадызайн» − больш за 18 чалавек на месца. Наступная запатрабаваная спецыяльнасць - «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый», на якую конкурс склаў 6 чалавек на месца. У цэлым па ўніверсітэце на бюджэтную форму конкурс склаў больш за 2 чалавекі на месца.

Ірына Карлюкова расказала, што штогод павялічваецца колькасць пераможцаў этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і ўніверсітэцкай алімпіяды. «У гэтым годзе мы ўпершыню залічылі пераможцу Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат. А таксама на спецыяльнасць «Графічны дызайн» залічаны пераможца конкурсу «ProfSkills»», − адзначыла адказны сакратар.

Па словах Ірыны Аляксандраўны, прыёмную кампанію 2023 года Купалаўскі ўніверсітэт пачаў адразу пасля заканчэння папярэдняй. Супрацоўнікі на пастаяннай аснове праводзілі сустрэчы з абітурыентамі, а таксама мэтанакіравана працавалі на сайце abit.by, дзе прадстаўлена ўся актуальная інфармацыя аб універсітэце, каледжах і магчымасцях навучання. «У гэтым годзе мы працавалі ў новым фармаце, выйшаўшы ў сацсеткі. З 9 лютага штодня праводзілі стрымы для абітурыентаў і іх бацькоў з прадстаўнікамі факультэтаў і структурных падраздзяленняў універсітэта», − адзначыла адказны сакратар прыёмнай камісіі.