Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 23 Чэрвень 2023 14:16

Купалаўцы арганізавалі выставу, прысвечаную гісторыі Беларусі

IMG 191521 чэрвеня ў галерыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма адкрылася фотавыстава «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці праз прызму археалагічных крыніц», прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Ініцыятарам выставы выступіў старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Гаршкоў, прадметы адабраны і апрацаваны студэнтамі-ўдзельнікамі СНА «Археалагічны гурток», мастацкае афармленне студэнткі 3 курса спецыяльнасці «Гісторыя (археалогія)» Яны Кіжук.

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці налічвае больш за тысячу гадоў. Айчыннымі навукоўцамі сабрана і вывучана вялікая колькасць археалагічных артэфактаў, якія сведчаць аб багатай духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа на цярністым шляху яго дзяржаўнасці. На фотавыставе прадстаўлены прадметы, якія захоўваюцца ў археалагічнай экспазіцыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кожны з артэфактаў адлюстроўвае пэўны этап станаўлення беларускай дзяржавы.

Фрагмент арбалетападобнай фібулы звязаны з працэсам Вялікага перасялення народаў, які паспрыяў з’яўленню на беларускіх землях славянскага насельніцтва. Гаршчок быў знойдзены на тэрыторыі Полацкай зямлі – калыскі беларускай дзяржаўнасці. Разам з дырхемамі яны адлюстроўваюць важнасць шляху з вараг у грэкі. Гэтыя прадметы паказваюць сутнасць першых дзяржаўных утварэнняў.

Сувязь з хрысціянскім светам як духоўнай асновай дзяржаўнага ладу на беларускіх землях раскрываецца праз плінфу – цэглу візантыйскага тыпу, з якой былі пабудаваны першыя хрысціянскія храмы на беларускіх землях.

Фрагмент касцяной дудкі знойдзены пры даследаваннях старажытнага Наваградка – старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, дзе значную ролю адыгрывалі продкі сучасных беларусаў. Росквіт дадзенага дзяржаўнага ўтварэння прадстаўлены гаршковай кафляй і рамеснымі прыладамі, якія раскрываюць эканамічны складнік дзяржаўнасці, сацыяльную і прафесійную структуру грамадства на беларускіх землях.

Трагічныя старонкі ў гісторыі Беларусі і яе дзяржаўнасці прадстаўлены матэрыяламі, якія атрыманы пад час даследаванняў на месцах крывавых падзей Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.