Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 27 Лістапад 2015 14:34

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы А.Д. Кароль прадставіў даклад на тэарэтыка-метадалагічным семінары «Актуальныя праблемы сучаснага сацыягуманітарнага ведання»

12544 2У сераду, 25 лістапада 2015 года, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся тэарэтыка-метадалагічны семінар «Актуальныя праблемы сучаснага сацыягуманітарнага ведання». Рэктар, доктар педагагічных навук Андрэй Дзмітрыевіч Кароль выступіў з дакладам «Дыялагічнасць як праблема чалавека і яго адукацыі».

Семінар наведалі дэканы факультэтаў, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты нашай ВНУ, прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага філіяла «БІП - Інстытут правазнаўства».

Адкрыў сустрэчу арганізатар семінара, загадчык кафедры філасофіі Чэслаў Станіслававіч Кірвель, які адзначыў, што тэарэтыка-метадалагічны семінар у нашым універсітэце ўжо больш за 30 гадоў збірае таленавітых навукоўцаў, але ўпершыню на ім выступае рэктар, і гэта, безумоўна, знакавая падзея.

У дакладзе Андрэй Дзмітрыевіч вызначыў філасофскія тэарэтыка-метадалагічныя асновы дыялагізацыі адукацыі ў кантэксце прынцыпу чалавекасувобразнасці. Разам з глыбокімі філасофскімі пытаннямі былі прадстаўлены канкрэтныя практычныя прапановы на ўзроўні праектавання адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, распрацоўкі заняткаў і заданняў.

Затым адбылося прадуктыўнае паўтарыгадзіннае абмеркаванне дакладу рэктара: аўдыторыя актыўна задавала пытанні, звязаныя з прынцыпам чалавекасувобразнасйці ў адукацыі, цікавілася эўрыстычным складнікам навучання, удакладніла пазіцыю А.Д. Караля па праблеме матывацыі студэнтаў і выкладчыкаў.

У канцы сустрэчы Чэслаў Станіслававіч Кірвель падзякаваў рэктара Андрэя Дзмітрыевіча Караля за цікавы і змястоўны даклад, аўдыторыю - за канструктыўныя пытанні, і запрасіў усіх жадаючых на наступны тэарэтыка-метадалагічны семінар, які пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы 30 снежня.