Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў аб атрыманні вышэйшай адукацыі I ступені прайшла для выпускнікоў спецыяльнасцяў «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» і «Транспартная лагістыка». З атрыманнем аднаго з самых важных у жыцці дакументаў маладых спецыялістаў, якія яшчэ ўчора былі студэнтамі, павіншаваў першы прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
- Прайшло чатыры з паловай гады - і вы ўжо спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, - адзначыў Юрый Раманоўскі. - Наш універсітэт - адзін з лепшых у рэспубліцы, у міжнародных рэйтынгах ён стабільна ўтрымлівае высокія пазіцыі сярод ВНУ Беларусі. Упэўнены, што атрыманыя тут веды стануць для вас добрым стартам у жыцці. Вы - будучыня нашай краіны і нашага рэгіёну. І хочацца пажадаць, каб вам у жыцці заўсёды шанцавала, у тым ліку, і на вашым прафесійным шляху.
У сваю чаргу, дэкан факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Аляксандр Варанцоў заўважыў, што выпускнікі Купалаўскага ўніверсітэта - сапраўды запатрабаваныя спецыялісты. Аб чым сведчыць і той факт, што абсалютна ўсе выпускнікі, якія сёння атрымліваюць дыпломы, забяспечаны першымі працоўнымі месцамі.
- Гэта выдатны і доўгачаканы дзень для вас, але і, разам з тым, гэта і сумны дзень. Усё-ткі мы з вамі растаемся, - сказаў, звяртаючыся да выпускнікоў, Аляксандр Варанцоў. - Мы любім і цэнім кожнага з вас, і запрашаем усіх, хто мае намер вучыцца далей, працягнуць навучанне ў магістратуры. Упэўнены, што самае галоўнае, чаму вы навучыліся ва ўніверсітэце, - гэта думаць, самастойна прымаць рашэнні і, вядома ж, сябраваць.
Цёплая і сяброўская атмасфера панавала падчас усёй цырымоніі ўручэння дыпломаў. Выпускнікі падрыхтавалі відэаролік, які нагадаў пра самыя яркія і запамінальныя моманты вучобы ва ўніверсітэце. А у слове ў адказ учорашнія студэнты падзякавалі сваім выкладчыкам за веды і прафесійныя кампетэнцыі, набытыя ў роднай Alma mater.
 
  Дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі 58 чалавек, якія навучаліся на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
Дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі 58 чалавек, якія навучаліся на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
















