Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 21 Сакавік 2019 14:40

ГрДУ імя Янкі Купалы і Балтыйскі ўніверсітэт рэалізуюць мерапрыемствы па развіцці лічбавага права

12713 21

Міжнародны студэнцкі практыка-арыентаваны круглы стол у фармаце відэаканферэнцсувязі «Прававое забеспячэнне развіцця лічбавай эканомікі: вопыт Беларусі і Расіі» быў арганізаваны паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Балтыйскім федэральным універсітэтам імя Імануіла Канта.

У працы круглага стала прынялі ўдзел больш за 50 студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў. Гэта адно з першых мерапрыемстваў у расійска-беларускіх навуковых студэнцкіх адносінах, звязаных з развіццём лічбавага права.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуліся прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дырэктар юрыдычнага інстытута БФУ ім. І. Канта Алег Заянчкоўскі і дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Васілевіч.

Мадэратарамі круглага стала выступілі доктар юрыдычных навук, прафесар, загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу Ігар Мартыненка і доктар юрыдычных навук, прафесар, загадчыца кафедры грамадзянскага права і працэсу Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта Вольга Сярова.

У рамках круглага стала яго ўдзельнікі актыўна абмеркавалі статус і кампетэнцыі Парку высокіх тэхналогій, этыка-прававыя праблемы адказнасці за шкоду, прычыненую з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, беспілотныя аўтамабілі як аўтаномныя сістэмы, асаблівасці ажыццяўлення электроннай дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб у Рэспубліцы Беларусь, выкарыстанне лічбавых тэхналогій у карпарацыях, смарт-кантракты і магчымасці іх выкарыстання ў прадпрымальніцкай дзейнасці, блокчэйн ў замежным заканадаўстве, набыццё тавару і аплата паслуг крыптавалютай.