Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 21 Верасень 2018 16:02

XVII міжнародная канферэнцыя «Узаемадзеянне літаратур у сусветным літаратурным працэсе. Праблемы тэарэтычнай і гістарычнай паэтыкі» стартавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы

10126 1Двухдзённы навуковы форум сабраў у купалаўскім універсітэце навукоўцаў з Арменіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Беларусі, якія абмяркуюць праблему моўнай асобы, якая праяўляе сябе ў практыцы штодзённых зносін, пісьма, чытанні, чалавека як героя мастацкага твора і / ці СМІ, а таксама як суб'екта творчай дзейнасці.

Навуковая канферэнцыя пройдзе на двух пляцоўках: у ГрДУ імя Янкі Купалы з 21 па 23 верасня і Беластоцкім універсітэце з 24 па 25 верасня.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко:

Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі, госці, вельмі рады бачыць усіх вас у нашым універсітэце! Радуе, што сёння тут шмат студэнтаў, магчыма, вы ўпершыню прымеце ўдзел у абмеркаванні навуковых дакладаў, і гэта будзе для вас першымі крокамі ў навуку. Гасцям хачу сказаць, што вы знаходзіцеся ў купалаўскім універсітэце, які пазіцыянуе сябе як класічны шматпрофільны ўніверсітэт. А Гродна - гэта месца, дзе тварылі і Эліза Ажэшка, і Алаіза Пашкевіч, і хай гэты паэтычны дух натхніць вас на плённыя зносіны падчас канферэнцыі.

Адкрываючы ўрачыстую частку мерапрыемства, дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская адзначыла, што арганізатарамі навуковай канферэнцыі выступаюць кафедра рускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кафедра сучаснай рускай літаратуры, кафедра старажытнарускай літаратуры Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ў Беластоку ў рамках сумеснага праекту двух устаноў вышэйшай адукацыі «Вакол праблем антрапалогіі літаратуры», што з'яўляецца пацвярджэннем цеснага плённага супрацоўніцтва купалаўскага ўніверсітэта з універсітэтам ў Беластоку. Яна падзякавала загадчыку кафедры рускай філалогіі Таццяне Аўтуховіч за прытрымліванне традыцый у арганізацыі і правядзенні навуковых канферэнцый.

Пасля пленарнага пасяджэння ўвазе ўдзельнікаў будзе прадстаўлена лекцыя запрошанага прафесара з Ерэвана Тыграна Сімяна «Марк Ажэ і Алейда Ассман: падыходы, метады (разбор гарадской прасторы)». 22 верасня акрамя секцыйных пасяджэнняў плануецца культурная праграма: аглядная пешаходная экскурсія па г. Гродна, а 23 верасня - выязная экскурсія «Замкі Беларусі».

24 верасня навуковая канферэнцыя працягнецца ў Польшчы ў Беластоцкім універсітэце.