Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 28 Май 2018 10:18

Выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках праграмы акадэмічнай мабільнасці ERASMUS + наведалі Універсітэт г. Піцешці (Румынія)

9311 1Прадстаўнікі філалагічнага факультэта - дацэнт кафедры англійскай філалогіі Ірына Сарокіна і старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Алена Джух, а таксама дацэнты кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Людміла Серада і Алена Гулевіч наведалі Універсітэт г. Піцешці (Румынія).

 

Візіт дэлегацыі ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся на працягу Тыдня Міжнароднага навучання, абвешчанага у гэты час ва Універсітэце г. Пцешці. Акрамя беларускай дэлегацыі, там знаходзіліся прадстаўнікі ўніверсітэтаў Албаніі, Арменіі і Азербайджана.

Цыкл лекцый для студэнтаў педагагічнага факультэта па дыдактычным асновах навучання замежным мовам прачытала Алена Джух. Актыўна абмяркоўвалася эфектыўнасць прымянення сістэмы эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу ў выкладанні розных дысцыплін у адукацыйнай сістэме ў Румыніі і Рэспубліцы Беларусь. Пасля лекцый у якасці рэфлексіі студэнтам была прапанавана анкета па ацэнцы ролі і месца сакратаўскага дыялогу ў іх будучай прафесіі (у дашкольнай адукацыі, у пачатковай і сярэдняй школе).

Людміла Серада, Ірына Сарокіна і Алена Гулевіч прачыталі лекцыі на факультэце тэалогіі, моў, літаратуры і фізвыхавання. Людміла Серада правяла лекцыі-прэзентацыі па асновах міжкультурнай камунікацыі, крос-культурнай спецыфіцы невербальнай камунікацыі і праблемах камунікацыі ў сферы бізнесу, станаўленню англійскай лексікі ў кантэксце гістарычнага развіцця. Ірына Сарокіна прачытала лекцыі з прэзентацыямі па актуальных праблемах інтэрпрэтацыі мастацкага тэксту. На матэрыяле твораў амерыканскіх і брытанскіх аўтараў ёю прадэманстраваны сучасныя метады інтэрпрэтацыі літаратурнага твора з пазіцый лінгвастылістыкі, такія як лінгваканцэптуальны, лінгвакультуралагічны і гендэрны аналіз мастацкага тэксту. Алена Гулевіч прачытала лекцыі для магістрантаў і студэнтаў Універсітэта Піцешці па дысцыплінах «Аўдыёвізуальны пераклад», «Мастацкі пераклад», «Прафесія перакладчыка», «Спецыяльны пераклад у сферы эканомікі».

Падчас лекцый і семінараў на двух факультэтах студэнтам і выкладчыкам былі прадстаўлены відэа-прэзентацыі аб адукацыйным і навуковым патэнцыяле ГрДУ імя Янкі Купалы, прадэманстраваны магчымасці навучання ў Летняй і Зімовай школах універсітэта.

У ходзе візіту дэлегацыі ў рамках сустрэчы дацэнта Алены Гулевіч з прафесарам кафедры журналістыкі Рэмусам Кірстэа былі абмеркаваныя далейшыя перспектывы супрацоўніцтва з кафедрай журналістыкі ГрДУ у сумесных праектах студэнцкіх медыяцэнтраў двух універсітэтаў, а таксама магчымасці чытання лекцый па праграме «Запрошаны прафесар»  для студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, спецыяльнасцяў «Журналістыка» і «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый».

У рамках праграмы мабільнасці адбыліся сустрэчы з прарэктарам па міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта г. Піцешці Эмануэлем Соарэ, каардынатарам па міжнароднай дзейнасці і праграмы Erasmus + Кармэн Андрэа Онеата, каардынатарам міжнароднай дзейнасці факультэта тэалогіі, моў, гісторыі мастацтваў, прафесарам Дыянай Лефтэр з мэтай абмеркавання перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва і развіцця акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, правядзення сумеснай праектнай дзейнасці ГрДУ і Універсітэта г. Піцешці.

На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні арганізацыі вучэбнай і навуковай працы ў двух універсітэтах, формах рэалізацыі Балонскага працэсу ва ўніверсітэце Піцешці, асаблівасці сістэмы вышэйшай адукацыі ў Румыніі, а таксама былі разгледжаны перспектывы і магчымасці далейшага ўзаемадзеяння ў сферы вучэбнай, навуковай дзейнасці студэнтаў і ППС факультэта з ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама пытанні акадэмічнай мабільнасці і міжнароднага супрацоўніцтва па праграме Erasmus + для студэнтаў румынскага і беларускага ўніверсітэтаў.