Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Май 2018 14:08

Унікальнае абсталяванне будуць распрацоўваць ў тэхнапарку ГрДУ імя Янкі Купалы

9104 1

Рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы стала гандлёвая марка «Мануфактура Корабава».

 

Як адзначыў кіраўнік і заснавальнік гандлёвай маркі «Мануфактура Корабава» Павел Корабаў, найбольш перспектыўным напрамкам развіцця гандлёвай маркі «Мануфактура Корабава» з'яўляецца распрацоўка і вытворчасць новага інавацыйнага прадукту: дыягнастычнага рабатызаванага комплексу для правядзення дыягностыкі стану каналізацыйных трубаправодаў. Абсталяванне прызначана для абследавання ўнутранага стану трубаправодаў падземных каналізацыйных сетак, ступені і характару іх забруджванняў, характару і месца лакалізацыі дэфектаў інжынернай сеткі.

На сённяшні дзень падобныя дыягнастычныя комплексы ў Рэспубліцы Беларусь не вырабляюцца. Дадзены від прадукцыі мае высокі экспартны патэнцыял, у цяперашні час вядуцца перамовы аб магчымай пастаўцы прадукцыі з шэрагам вядучых прадпрыемстваў па выпуску спецыяльнай тэхнікі. Таксама распрацавана і выраблена некалькі прататыпаў, якія праходзяць выпрабаванні і выкарыстоўваюцца для аказання паслуг па дыягностыцы сістэм каналізацыі.

Як адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко, супрацоўніцтва з новым рэзідэнтам павінна стаць паспяховым, паколькі профіль дзейнасці гандлёвай маркі «Мануфактура Корабава» і РУП «ВНВЦ «Тэхналаб», які дзейнічае ў статусе тэхнапарку, падобныя. Акрамя таго, ва ўніверсітэце вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па адпаведным кірунку. Гэта дазволіць укараняць навуковыя распрацоўкі ў практыку, а таксама ў далейшым прадаставіць магчымасць працаўладкавання студэнтам.

Нагадаем, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», заснаванае Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, атрымала статус Навукова-тэхналагічнага парку ў ліпені 2017 года.

Статус рэзідэнта тэхнапарку дае магчымасць камерцыялізацыі навуковых распрацовак і магчымасць пачаць уласны бізнэс пры падтрымцы Бізнес-інкубатара, прадастаўленне ў арэнду працоўнай прасторы і вытворчых плошчаў на ільготных умовах, а таксама арэнду высокатэхналагічнага навукова-даследчага і вытворчага абсталявання. Акрамя таго, рэзідэнты выплачваюць падатак на прыбытак па стаўцы 10% і вызваляюцца ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.