Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 02 Кастрычнік 2017 09:52

ГрДУ імя Янкі Купалы наведала дэлегацыя Рэгіянальнага бюро праграм па вывучэнні англійскай мовы ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША

IMG 9375З гасцямі сустрэўся прарэктар па вучэбнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Бялых.

Вітаючы дэлегацыю, Юрый Эдуардавіч адзначыў, што супрацоўніцтва ўніверсітэта і бюро мае шматгадовую гісторыю.

–Мы вельмі высока цэнім наша актыўнае і плённае ўзаемадзеянне, якое мае свае вынікі: гэта ўдзел спецыялістаў з ЗША ў падрыхтоўцы купалаўскіх студэнтаў, а таксама поспехі ў галіне інтэрнацыяналізацыі адукацыі. Наяўнасць носьбітаў замежнай мовы і культуры для нас вельмі важна, - падкрэсліў прарэктар.

Словы падзякі за рэалізацыю мноства праграм бюро ў адрас адміністрацыі ГрДУ імя Янкі Купалы выказаў дырэктар Рэгіянальнага бюро праграм па вывучэнні англійскай мовы ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джон Сілвер.

Адзначым, што ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы рэгулярна прыязджаюць выкладчыкі са Злучаных Штатаў Амерыкі для выкладання англійскай мовы, у тым ліку і па праграме Fulbright. Таксама прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта прымаюць удзел у вебінарах і іншых мерапрыемствах, арганізаваных спецыялістамі з ЗША, па выкладанні англійскай мовы. Госці прапанавалі новыя формы супрацоўніцтва ў рамках рэалізаваных праграм, а таксама распавялі пра магчымасці вывучаць мову і асаблівасці яе выкладання з дапамогай онлайн-семінараў і Масавых адкрытых онлайн-курсаў.

На сустрэчы Джон Сілвер прадставіў выкладчыка Робін Банкл, якая на працягу бліжэйшага года будзе выкладаць ангельскую мову студэнтам купалаўскага ўніверсітэта ў рамках праграмы English Language Fellow.

- Робін - вельмі вопытны выкладчык, у яе скарбонцы шмат майстар-класаў, а галоўнае - яна гатовая дзяліцца сваім вопытам з выкладчыкамі і студэнтамі вашага ўніверсітэта, - запэўніў Джон Сілвер.

У канцы сустрэчы Юрый Белых выказаў надзею на далейшае паспяховае і выніковае супрацоўніцтва купалаўскага ўніверсітэта і арганізацыі.

У рамках візіту Джон Сілвер правёў майстар-клас для выкладчыкаў англійскай мовы ГрДУ імя Янкі Купалы і распавёў пра яго эфектыўнае выкладанне ў гетэрагеннай групе.