Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 28 Жнівень 2017 16:26

Дэлегацыя Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь наведала ГрДУ імя Янкі Купалы

6199 1Прадстаўнікі Пасольства наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з мэтай наладжвання міжасобасных кантактаў і абмеркавання перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва.

 

Адкрываючы сустрэчу, рэктар Андрэй Кароль падзякаваў гасцям за візіт і магчымасць вызначыць крокі будучага ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку і ў галіне адукацыі, што актуальна для купалаўскага ўніверсітэта. У сваю чаргу Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Роберт Райлі адзначыў, што рады цяперашняму візіту ў Гродна, дзе знаходзіцца ўпершыню, і, у прыватнасці, у Гродзенскі ўніверсітэт.

– Адукацыя - самая важная сфера ў любой дзяржаве. І неабходна ў гэтай галіне знаходзіць агульныя кропкі судакранання, наладжваць цеснае і паспяховае ўзаемадзеянне, сумеснымі намаганнямі паляпшаць якасць адукацыі, - падкрэсліў Роберт Райлі. - Не менш важныя і асабістыя кантакты паміж людзьмі, якія спрыяюць паразуменню.

Па выніках візіту прадстаўнікі Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў галіне акадэмічных абменаў, па праграме «Запрошаны прафесар» і па шэрагу напрамкаў у галіне гуманітарных і тэхнічных навук. Гасцей зацікавілі магчымасці навукова-тэхналагічнага парку, створанага пры купалаўскім універсітэце, і Летняя школа, у якую з году ў год рускую мову едуць вывучаць грамадзяне ЗША.