Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 10 Май 2017 10:45

У ГрДУ імя Янкі Купалы назвалі пераможцаў грамадзянска-патрыятычнага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь» (ФОТАСПРАВАЗДАЧА)

5123 18Заключныя мерапрыемствы марафона прайшлі 6 мая.

У гэтым годзе свята спорту, маладосці і крэатыву аб'яднаў адміністрацыю ўніверсітэта, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў, навучэнцаў Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў, школьнікаў горада і выхаванцаў дзіцячых садкоў Гродна. Сярод ганаровых гасцей - ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўгеній Далідовіч.

Пачалася ўрачыстасць з параду ўдзельнікаў, са сказаных на дарогу слоў галоўнага спецыяліста сектара па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна Алены Драмлюг.

– Як адно імгненне праляцелі тры месяцы, падчас якіх праходзілі конкурсныя выпрабаванні грамадзянска-патрыятычнага марафону, дзе сябе годна паказалі і студэнты, і навучэнцы каледжаў і нашы школьнікі, - падкрэсліла Алена Тадэвушаўна. -Хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі свае самыя лепшыя якасці, якія дапамогуць ім будаваць будучыню квітнеючай Беларусі.

Адкрыў марафон прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько, які адзначыў, што правядзенне гэтага маштабнага свята для гарадской грамадскасці стала традыцыйным.

– Ідэя арганізацыі марафона паўстала ў студэнтаў, яе падтрымала адміністрацыя ўніверсітэту, - адзначыў Васілій Васільевіч. - Правядзенне грамадзянска-патрыятычнага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь» напярэдадні вялікага дня - Дня Перамогі сімвалічна. Бо мы павінны памятаць і шанаваць подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў, якія падарылі нам мірнае неба над галавой.

Першымі на старт выйшлі выхаванцы дзіцячых садкоў горада. Дзяўчынкі і хлопчыкі пераадольвалі на веласіпедах дыстанцыю ў 400 метраў. Па выніках спаборніцтва ўсе выхаванцы ясляў-садоў атрымалі граматы з рук начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксаны Котавай.

Наступнымі на стадыёне спаборнічалі сямейныя каманды, якія прадстаўляюць факультэты нашага ўніверсітэта і школы Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада. У заключных этапах конкурсу «Тата, мама, я - спартыўная сям'я» ўдзельнікі пераадольвалі дыстанцыю: мамы беглі ў руках з мячом на тэніснай ракетцы і скакалі праз скакалку, затым перадавалі эстафету татам, якія клюшкай абводзілі мяч вакол фішак і скакалі ў мяшках. Завяршалі дыстанцыю з мячом у руках дзеці.

Лепшай, на думку журы і па выніках шэрагу конкурсаў, стала сям'я Ірха, якая прадстаўляе факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму. Другое месца было прысуджана сям'і Матус, якая выступала за каманду школьнікаў Кастрычніцкага раёна, а трэцяе - сям'і Санюкевічаў, якая прадстаўляла школьнікаў Ленінскага раёна. Дыплом удзельніка атрымала сям'я Бародзіч, якая выступала за факультэт фізічнай культуры.

Завяршальным змаганнем марафону стала ваенна-спартыўная эстафета. Юнакам трэба было прабегчы 100 м з аўтаматамі, пераадолець такую ж дыстанцыю ў агульнавайсковым ахоўным гарнітуры і перадаць аўтаматы дзяўчатам, якія таксама беглі дыстанцыю ў 100 м. Тут першай стала каманда ваеннага факультэта, другой - каманда факультэта фізічнай культуры, а трэцімі - студэнты факультэта эканомікі і кіравання.

Па выніках усяго грамадзянска-патрыятычнага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь» пераможцамі прызнаныя школьнікі Ленінскага раёна г. Гродна. Другое месца занялі прадстаўнікі факультэта эканоміі і кіравання. Трэцяе - у каманды факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.

Падчас свята перад гледачамі выступілі салісты вакальнай студыі «УниSONG» і чарлідарскія каманды.