Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 28 Снежань 2016 10:18

У ГрДУ імя Янкі Купалы назвалі пераможцаў агульнаўніверсітэцкага навагодняга конкурсу «ЭкаЕлка»

1 экоелкаУ Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы навагодні конкурс «ЭкаЕлка» стаў традыцыйным. Ужо на працягу чатырох гадоў ён аб'ядноўвае актыўных студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашай alma mater. Гэты год не стаў выключэннем: на конкурс была прадстаўлена рэкордная колькасць экаелок і ёлачных упрыгожванняў - больш за 150.

Вынікі «ЭкаЕлкі» падвялі 23 снежня. Вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, старшыня журы, начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРсМ Алена Поцька адзначыла, што з кожным годам экзэмпляры елак і ёлачных цацак становяцца ўсё больш цікавымі і арыгінальнымі.

- Конкурсныя работы былі выкананы ў розных тэхніках, з розных матэрыялаў і прадстаўлены ў розных памерах. Прыемна, што сваю актыўнасць у гэты раз праявілі многія выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта, - расказала Алена Станіславаўна. - Лепшыя елкі і ёлачныя цацкі мы адправім на абласны конкурс «ЭкаЕлка», арганізаваны пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і газеты "Гродзенская праўда". Спадзяемся, што купалаўскія работы будуць высока ацэнены камісіяй.

Лепшай, на думку журы конкурсу «ЭкаЕлка», была прызнана ёлка старэйшага выкладчыка кафедры будаўнічых канструкцый інжынерна-будаўнічага факультэта Таццяны Седляр. Другое месца ў студэнтаў юрыдычнага факультэта, а трэцяе - у факультэта мастацтваў і дызайну.

Лепшай елкавай цацкай была абрана праца старэйшага выкладчыка кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютэрнай бяспекі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ганны Сазонавай і студэнткі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Кацярыны Рэгілевіч. Другой стала работа загадчыка інтэрната № 2 Алены Суцягінай, трэцім - старэйшага выкладчыка кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандра Мятліцкага.

Лепшая навагодняя кампазіцыя апынулася ў лабаранта вучэбнай лабараторыі «Сістэмны аналіз і лагістыка" факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Тамары Аўдзеевай.

У намінацыі «Лепшая рэтра-елка» пераможцам была прызнана работа студэнткі факультэта мастацтваў і дызайну Яўгеніі Міхневай, якая прадстаўляла экоелку ад інтэрната № 3 ГрДУ імя Янкі Купалы.

Лепшай іміджавай елкай стаў экзэмпляр лабаранта кафедры экалогіі факультэта біялогіі і экалогіі Наталлі Чугай, лепшай каляднай елкай - праца студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'і Аплевіч, лепшай елкай з дрэва - елка групы СДП-псіха-151 факультэта псіхалогіі.

У намінацыі «Самая арыгінальная елка» прыз дастаўся загадчыку вучэбнай лабараторыі «Будаўнічыя канструкцыі» інжынерна-будаўнічага факультэта Вячаславу Жукоўскаму, у намінацыі «Самая казачная елка» - аўтарскаму калектыву работнікаў інтэрната № 2 ГрДУ імя Янкі Купалы Ганне Фунт і Уладзіміру Сакалоўскаму.

Па выніках конкурсу лепшым інтэрнатам стаў інтэрнат № 4 ГрДУ імя Янкі Купалы, лепшым факультэтам - педагагічны факультэт, а лепшай кафедрай прызнана кафедра рамана-германскай філалогіі.

Партнёрамі агульнаўніверсітэцкага навагодняга конкурсу «ЭкаЕлка» выступілі прафкам студэнтаў, ПА / РК ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы і ГА «БТЧК» ГрДУ імя Янкі Купалы.