Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Лістапад 2016 12:35

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы правялі ў Гродне прафарыентацыйную акцыю «Абітурыент - 2017: алгарытм поспеху»

2796 1На працягу месяца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада Гродна праходзіла прафарыентацыйная акцыя «Абітурыент - 2017: алгарытм поспеху». Арганізатарам выступіў Рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Мэтай мерапрыемства стала інфарміраванне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу аб умовах і магчымасцях атрымання адукацыі ў купалаўскім універсітэце, шляхах паспяховай падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання, тэрмінах і асаблівасцях праходжання рэпетыцыйнага тэсціравання.

Падчас акцый супрацоўнікі нашай альма-матэр правялі 40 сходаў, на якіх адбыліся сустрэчы кіраўніцтва і прадстаўнікоў Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі з навучэнцамі 9-11 класаў, іх бацькамі, педагогамі школ, гімназій і ліцэя № 1 г. Гродна. Усяго ў мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 2 000 навучэнцаў, 150  педагогаў і 940 бацькоў.

- Удзельнікі акцыі пазнаёміліся з вынікамі ўступнай кампаніі 2016 года, інфармацыяй аб парадку прыёму ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2017 годзе. Мы распавялі пра факультэты і спецыяльнасці ВНУ, адукацыйных паслугах факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, - дадалі прадстаўнікі нашага ўніверсітэта.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэч выклікала інфармацыя аб праводзенні Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі індывідуальных і групавых прафарыентацыйных кансультацый, накіраваных на аказанне навучэнцам дапамогі ў прафесійным самавызначэнні, а таксама аб падрыхтоўчых курсах для старшакласнікаў на базе факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Варта адзначыць, што ў лістападзе-снежні прафарыентацыйная акцыя пройдзе ў раёнах Гродзенскай вобласці. Школьнікі Гродзеншчыны сустрэнуцца з прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў купалаўскага ўніверсітэта.