Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Ліпень 2016 09:16

Студэнты-музеёлагі ГрДУ імя Янкі Купалы пазнаёміліся з фондамі замкавага комплексу "Мір"

14825 6Студэнты спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі музейна-экскурсійную (фондавую) практыку ў Замкавым комплексе "Мір". Тут студэнты пазнаёміліся з унікальнай культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі.

Супрацоўнікі комплексу правялі для купалаўцаў шэраг лекцый. Студэнты даведаліся пра экспазіцыйна-выставачную дзейнасць музея, рэжымах захоўвання музейных прадметаў, камплектаванні музейнага фонду, выдавецкай справе ў музеі. Затым замацавалі атрыманыя веды на практыцы: наведалі фонды музея, экспазіцыйныя залы і вежы замка, дзе запоўнілі навуковыя пашпарты музейных прадметаў.

Цікавасць у студэнтаў выклікала лекцыя пра спосабы рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, пасля якой студэнты пабывалі ў рэстаўрацыйнай майстэрні, дзе авалодалі «сакрэтам» аднаўлення гарматных ядраў. Не менш пазнавальнай была лекцыя «Калекцыя посуду», пасля якой купалаўцы мелі магчымасць агледзець кляйма на кубках і сподках фарфоравага і алавянага посуду.

– Асабліва было цікава на лекцыі «Калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музеі». Тут мы даведаліся пра шпалеры і так захапіліся, што не выстаялі і прагуляліся па экспазіцыйных залах музея. Мы ўважліва разгледзелі ўсе шпалеры замка і пазнаёміліся з сюжэтам кожнай з іх, - дадалі купалаўцы.

Акрамя таго, для студэнтаў былі арганізаваны заняткі, прысвечаныя музейнай педагогіцы. Работнікі комплексу расказалі пра княжацкую кухню Мірскага замка, прапанавалі абмераць замак сажнямі, локцямі і пядзямі.

Таксама купалаўцы правялі па пяць экскурсій па выбраных залах ў замкавым комплексе. Ацаніць майстэрства рабят маглі не толькі супрацоўнікі музея, якія адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, але і госці комплексу - турысты з розных абласцей краіны і замежжа.

Без увагі хлопцаў не засталіся і археалагічныя пошукі побач з Мірскім замкам: група студэнтаў-музеялогіі прыняла актыўны ўдзел у раскопках палаца Святаполк-Мірскіх.