Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 04 Чэрвень 2026 15:03

ГрДУ імя Янкі Купалы і Азербайджанскі ўніверсітэт моў абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва

IMG 54414 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася анлайн-сустрэча з дэлегацыяй Азербайджанскага універсітэта моў. Бакі абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва.

Азербайджанскі ўніверсітэт моў прадставілі прарэктар па навуковай рабоце Гаміда Аліева, прарэктар па міжнародных сувязях Жаля Гарыбава, начальнік аддзела міжнародных адносін Зейнал Джафараў, начальнік аддзела навукі Сеўда Іманава і дырэктар Цэнтра беларускай мовы і культуры Сяргей Клімаў.

Удзельнікамі з боку ГрДУ імя Янкі Купалы сталі прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун, начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Вольга Мінава і начальнік аддзела міжнародных праектаў і акадэмічнай мабільнасці Алеся Бялко.

Пасля прывітальных слоў Наталлі Зігмундаўны і падзяк азербайджанскіх калег за падтрымку штогадовай акцыі «Купалаўская дыктоўка», удзельнікі прадэманстравалі прэзентацыі аб дзейнасці і дасягненнях сваіх навучальных устаноў. Затым бакі перайшлі да абмеркавання перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння ў такіх галінах сацыягуманітарных даследаванняў, як псіхалогія асобы, крызісная і пазітыўная псіхалогія; праблемы цывілізацыйнага развіцця, глабалізацыі і рэгіяналізацыі ў сучасным свеце; тэарэтыка-метадалагічныя асновы гістарычных даследаванняў, тэорыя і гісторыя культуры; даследаванне трыяды «асоба-мова-соцыум» ва ўмовах зменлівага свету; актуальныя праблемы публічных галін права, міжнароднага прыватнага і міжнароднага публічнага права. Таксама калегі абмеркавалі ўдзел супрацоўнікаў і студэнтаў у міжнародных навуковых канферэнцыях, правядзенне сумесных навуковых даследванняў і публікацыі іх вынікаў. Акрамя таго, размова ішла аб распрацоўцы сумесных адукацыйных праграм з выдачай двайных дыпломаў і абмене супрацоўнікамі для чытання лекцый і праходжання стажыровак.

Напрыканцы анлайн-мерапрыемства Наталля Зігмундаўна падзякавала замежным калегам за прадуктыўны дыялог і выказала надзею на далейшае развіццё ўзаемадзеяння.

Даведачна: Гісторыя стварэння Азербайджанскага ўніверсітэта моў бярэ пачатак у 1937 годзе, калі быў створаны факультэт замежных моў пры Азербайджанскім педагагічным інстытуце. У 1948 годзе быў адкрыты самастойны Азербайджанскі інстытут замежных моў. Азербайджанскі ўніверсітэт моў як самастойная вышэйшая навучальная ўстанова заснаваны ў 1973 годзе. У структуру ўніверсітэта ўваходзіць шэсць факультэтаў і 23 цэнтры.

У рэйтынгу QS World University Rankings Азербайджанскі ўніверсітэт моў стабільна ўваходзіць у групу 151-200 лепшых ВНУ свету ў катэгорыі «Сучасныя мовы» (Modern Languages), 251-300 – у катэгорыі «Лінгвістыка» (Linguistics). Унутры краіны Азербайджанскі ўніверсітэт моў упэўнена ўтрымлівае лідэрства як вядучы профільны ўніверсітэт у сферы лінгвістыкі, перакладазнаўства і міжнародных адносін.

Азербайджанскі ўніверсітэт моў мае двухбаковыя пагадненні з дзесяткамі вядучых ВНУ Еўропы, Азіі і СНД. Таксама на базе ўніверсітэта адкрыты рэсурсныя і культурныя цэнтры, створаныя пры падтрымцы замежных пасольстваў.

Супрацоўніцтва з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы пачалося з 21 лютага 2025 года. Тады прадстаўнікі Цэнтра беларускай мовы і культуры Азербайджанскага ўніверсітэта моў пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы прынялі ўдзел у акцыі «Купалаўская дыктоўка», прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. 23 лютага 2026 года прадстаўнікі Азербайджанскага ўніверсітэта моў зноў далучыліся да гэтай акцыі. 26 лютага ў Азербайджанскі ўніверсітэт моў быў накіраваны ліст з падзякай за падтрымку праекта і ўдзел у ім супрацоўнікаў Цэнтра, а таксама з канкрэтнымі прапановамі па развіцці ўзаемадзеяння. Зваротны ліст, у якім рэктар АУЯ выказаў гатоўнасць развіваць міжвузаўскія сувязі, паступіла ў ГрДУ у красавіку.