Мэтай правядзення канферэнцыі з'яўляецца прыцягненне ўвагі моладзі да дзейнасці Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама стварэнне ўмоў для раскрыцця творчых здольнасцей навучэнцаў праз прызму міласэрнасці і гуманнасці, што з'яўляецца адным з эфектыўных сродкаў выхавання актыўнай і неабыякавай асобы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і ГрДУ імя Янкі Купалы.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Вячаслаў Раманенка.
– Сёння ў рамках супрацоўніцтва Купалаўскага ўніверсітэта і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў нас праводзіцца чарговая міжнародная студэнцкая канферэнцыя. Разам мы арганізоўваем і ўдзельнічаем у вялікай колькасці мерапрыемстваў, - адзначыў прарэктар.
На канферэнцыі прысутнічалі ганаровыя госці, у ліку якіх Наталля Шаўцова, начальнік арганізацыйна-кадравага ўпраўлення Беларускага Чырвонага Крыжа; Асланбек Бісултанаў, саветнік па прававых пытаннях рэгіянальнай дэлегацыі міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў Расіі і Беларусі; Наталля Мельнічук, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа; Анастасія Бурнакіна, каардынатар аддзела па рэалізацыі міжнародных праектаў Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Расійскага Чырвонага Крыжа.
У канферэнцыі прынялі ўдзел студэнты і магістранты вядучых ВНУ Беларусі і Расіі: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Ключавыя тэмы дакладаў - «105-годдзе гуманітарнай дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа»; «Роля міжнароднага гуманітарнага права ў абароне ахвяр канфліктаў»; «Медыцынская і сацыяльная дапамога: гісторыя і перспектывы»; «Валанцёрства як «камертон гуманнасці» ў сучасным грамадстве».
Найлепшыя работы ўдзельнікаў будуць адзначаны дыпломамі і падарункамі, а матэрыялы канферэнцыі апублікуюць у электронным зборніку бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы і на партале Беларускага Чырвонага Крыжа.
27 мая ў Купалаўскім універсітэце адбылася Міжнародная студэнцкая канферэнцыя "Чырвоны Крыж паўсюды для кожнага: міласэрнасць без межаў". Форум, які праводзіцца ўжо восьмы раз, сёлета зноў пацвердзіў свой міжнародны статус, аб'яднаўшы маладых даследчыкаў з Беларусі і Расіі.





















