Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 29 Красавік 2026 12:22

Валанцёры ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі валанцёрскіх каманд

IMG 1915З 23 па 25 красавіка ў Пінску, у Палескім дзяржаўным універсітэце, прайшоў XI Міжнародны фестываль валанцёрскіх каманд "Наш выбар - здаровы лад жыцця". Яго ўдзельнікамі сталі валанцёрскія каманды не толькі Рэспублікі Беларусь, але і Расіі.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мерапрыемстве прадставілі ўдзельніцы валанцёрскага атрада філалагічнага факультэта "Мы разам": студэнткі трэцяга курса Ксенія Бягеза, Юлія Багдзевіч і Ганна Савіцкая. Кіраўніком групы выступіла выкладчыца кафедры англійскай філалогіі Ксенія Бахарэвіч.

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей насычаную праграму. Валанцёры сталі ўдзельнікамі дыялогавай сустрэчы з дэгустацыяй карысных прадуктаў, трэнінгу "Як пазбегнуць стрэсу", тэатральнага форуму, а таксама дыялогавых пляцовак аб шкодзе наркотыкаў, прафілактыцы залежнасцяў і захаванні псіхалагічнага дабрабыту. Студэнты прынялі ўдзел у рабоце інтэрактыўнай спартыўнай пляцоўкі "Здароўе моладзі - будучыня краіны!", у рамках якой паспрабавалі сябе ў розных відах спорту і барацьбы, а таксама навучыліся асновам самамасажу.

У рамках форуму валанцёры таксама ўшанавалі памяць герояў вайны, усклаўшы кветкі да Мемарыяльнага комплексу вызваліцеляў Пінска.

Асаблівымі момантамі фестывалю сталі пасадка алеі, прымеркаванай да 20-годдзя Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама наведванне ўдзельнікамі мерапрыемства Пінскага дзіцячага хоспіса "Рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў з дамавым храмам Святога мучаніка цэсарэвіча Аляксія". Госці фестывалю не толькі наведалі хоспіс, але і прыбралі прылеглы да яго лясны масіў.

Апроч актыўнасцяў, удзельнікі фэсту абмеркавалі, хто такі валанцёр, якія існуюць кірункі дзейнасці і як праца будуецца ў розных рэгіёнах.

Фестываль моладзевых каманд стаў пляцоўкай, дзе актывісты абменьваюцца досведам, знаходзяць дзелавыя кантакты і натхняюцца на новыя праекты.