Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 23 Люты 2026 13:49

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у фестывалі "Гродзенскі РазГуляй"

525137947015584579122 лютага ў Гродне ў трэці раз прайшоў яркі фестываль "Гродзенскі РазГуляй", прысвечаны провадам зімы і святкаванню Масленіцы. Цэнтральнай пляцоўкай народных гулянняў традыцыйна стаў цэнтр горада, дзе разгарнулася тэатралізаванае дзейства з удзелам сотняў гродзенцаў і гасцей абласнога цэнтра.

Пачалося мерапрыемства з парада-шэсця "Разгуляй з РАЗмахам". Маляўнічая калона са скамарохаў, майстроў народных промыслаў, а таксама прадстаўнікоў гродзенскіх прадпрыемстваў і арганізацый ішла па галоўнай вуліцы горада, прадстаўляючы ўсе месяцы года. Удзельнікамі шэсця сталі і купалаўцы, прадставіўшы месяц снежань.

Адразу пасля завяршэння шэсця на галоўнай сцэне адбылося адкрыццё фестывалю. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўсіх прысутных павіншаваў са святам намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталь Мамачкін. А таксама на адкрыцці падвялі вынікі гарадскога конкурсу дызайнерскіх ёлак і кампазіцый "Лепшы навагодні арт-аб'ект 2026".

Праграма свята была насычанай: жадаючыя маглі пакаштаваць прадукцыю гродзенскіх прадпрыемстваў на тэматычных падворках, аматары актыўнасцей прымалі ўдзел у спартыўных эстафетах, майстар-класах і спаборнічалі ў хуткасным выпяканні бліноў і распілоўванні бярвення. Жадаючыя змаглі пагрэцца ў выязной лазні з купеллю. Самыя ўпэўненыя паспрабавалі свае сілы ў традыцыйнай масленічнай забаве - заваяванні масленічнага слупа з падарункамі. Таксама на сваім падворку "Гродзенскіхлебпрам" прэзентаваў самы вялікі мядовы пернік вагай 10 кілаграм.

На галоўнай сцэне не змаўкалі музычныя нумары: выступалі запрошаныя артысты і калектывы з Гродна. Самым доўгачаканым стала выступленне легендарнага беларускага гурта "Дразды".

Завяршыўся «Гродзенскі РазГуляй» яркім і відовішчным вогненным шоу і традыцыйным спаленнем масленічнага пудзіла.