Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Ліпень 2025 15:11

У Купалаўскім універсітэце ўручылі сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання лепшым абітурыентам Гродзеншчыны

8G0A9791У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшло традыцыйнае ўшаноўванне абітурыентаў, якія набралі 100 балаў на ЦТ і ЦЭ. У дні цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскай вобласці выканана больш як 6800 тэстаў, з іх у ГрДУ імя Янкі Купалы напісана 3256 тэстаў ЦТ. 80 удзельнікаў ЦТ Гродзенскай вобласці атрымалі найвышэйшы бал па выкананых прадметах. 4 абітурыенты з Гродзенскай вобласці па выніках здачы ЦЭ і ЦТ і заканчэння школы маюць максімальна магчымы бал – 400.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы даўно стала добрай традыцыяй урачыста ўручаць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання абітурыентам з самымі высокімі вынікамі. Сёлета 34 стобальнікі выконвалі ЦТ у Купалаўскім універсітэце. Тэсты па англійскай мове далі магчымасць пяцьдзесят аднаму абітурыенту Гродзенскай вобласці атрымаць сертыфікат 100 балаў. Па матэматыцы дзевяць абітурыентаў атрымалі найвышэйшы вынік, пяць удзельнікаў ЦТ напісалі хімію, чатыры грамадазнаўства, тры біялогію на максімальна магчымы бал. Больш за 90 балаў атрымалі чатырыста шаснаццаць чалавек з Гродзенскай вобласці, з іх сто семдзесят два абітурыенты выконвалі ЦТ у ГрДУ імя Янкі Купалы.

Таленавітых абітурыентаў і іх бацькоў павіншавалі запрошаныя госці - першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Курганская і намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш.

З прывітальным словам да абітурыентаў звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.

– Сёння з гонарам думаю аб тым, якія таленавітыя выпускнікі ў Гродзенскім рэгіёне. Гродзеншчына гэта асаблівы рэгіён. Некалі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Марыя Бірукова неаднаразова падкрэслівала, што на Гродзеншчыне людзі ў нас такія, якія і ўсюды, толькі яны са знакам якасці, што робіць іх асаблівымі. І вось сёння гэтыя цудоўныя абітурыенты са знакам якасці сядзяць у нас у зале. Жадаю пажадаць вам, дарагія абітурыенты, каб у вашым жыцці склалася ўсё так, як вы задумалі. Каб высокія балы, якія вы зарабілі адчынілі ўсе дзверы. Як рэктар Купалаўскага ўніверсітэта, я жадаю бачыць вас усіх у сценах нашай alma mater, у сценах універсітэта, які ўваходзіць у «ТОП-4» універсітэта Рэспублікі Беларусь. Аб тым, што наш універсітэт якасці, даказвае нядаўна атрыманая ўжо пятая Прэмія Урада за дасягненні ў галіне якасці. Мы адкрыты таленавітым і крэатыўным студэнтам, якім мы дапаможам выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял! Шчыра жадаю вам, абітурыенты, і вашым бацькам, толькі вялікіх перамог!

Начальнік аддзела тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Купалаўскага ўніверсітэта Наталля Кранцэвіч расказала, як быў арганізаваны працэс тэсціравання ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Павіншаваў абітурыентаў і ўручыў сертыфікаты з запаветнымі і доўгачаканымі баламі і першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Карэўскі.

Пасля цырымоніі ўручэння сертыфікатаў нам удалося пагутарыць з віноўнікамі ўрачыстасці.

Ульяна Парфёнчык скончыла ДУА «Гімназія № 1 г. Ліда», атрымала 100 балаў па англійскай, рускай мовах і па грамадазнаўстве.

– 400 балаў – гэта шматгадовая праца. Дзякуючы высокаму ўзроўню падрыхтоўкі ў гімназіі я змагла атрымаць максімум балаў. Гэта было насамрэч чакана, бо рэпетыцыйнае тэсціраванне таксама паказвала сто балаў. Дзякуй маме, якая заўсёды ва ўсім мяне падтрымлівае, і сёння на ўручэнні яна таксама тут, – падзялілася дзяўчына.

Настасся Макарэвіч прадстаўляе ДУА «Гімназія № 6 імя Ф. Э. Дзяржынскага г. Гродна», атрымала свае запаветныя сто балаў па англійскай мове.

Мой самы выдатны вынік па англійскай мове – 100 балаў, рускай мове – 92 балы і па матэматыцы – 76 балаў. Насамрэч запрашэнне на ўрачыстую цырымонію ўручэння сертыфікатаў было вельмі нечаканым. Я ўзрадавалася і зараз адчуваю гонар за тое, што мяне вылучылі і падкрэслілі тыя старанні і працу, якую я ўклала ў дадзены вынік, – сказала Анастасія.

Жадаем абітурыентам поспехаў у выбары будучай прафесіі і ўніверсітэта! Выберыце правільны курс – на Купалаўскую ВНУ!