Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 02 Кастрычнік 2025 11:01

Купалаўцы прынялі ўдзел у Міжнароднай прамысловай выставе «ІННАПРОМ. Беларусь»

6Мерапрыемства ўпершыню праходзіла ў Мінску з 29 верасня па 1 кастрычніка. У час выстаўкі праходзіла дэманстрацыя навукова-тэхнічных распрацовак, якія прадстаўлялі дзевяць ВНУ краіны, а таксама рэзідэнты тэхнапаркаў і Парка высокіх тэхналогій.

ГрДУ імя Янкі Купалы на выставе прадставілі загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман, начальнік Цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун, загадчык кафедры архітэктуры і будаўніцтва інжынернага факультэта Яўген Аўчыннікаў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння навуковай і інавацыйнай дзейнасці навукова-даследчай часткі Міхаіл Ігнатоўскі і выпускнік фізіка-тэхнічнага факультэта, а ў дадзены момант магістрант другога курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мацвей Бачко.

На выставе была прадстаўлена распрацаваная магістрантам пад кіраўніцтвам Андрэя Германа сістэма кантролю якасці прадукцыі на аснове тэхналогій машыннага зроку і штучнага інтэлекту. У ходзе мерапрыемства былі праведзены перагаворы з арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і падпісаны пратаколы далейшага супрацоўніцтва. Таксама прайшлі перагаворы з прадстаўнікамі ААТ «Гомсельмаш» аб магчымасці сумеснай распрацоўкі сістэмы аўтаматычнага выяўлення людзей і буйных жывёл у масіве кукурузы.

Яўген Аўчыннікаў прадставіў на выставе распрацоўкі інжынернага факультэта: гібрыдныя вакуумныя пакрыцці для металаапрацоўчага і дрэваапрацоўчага інструмента, графенавыя змазачныя матэрыялы для высоканагружаных вузлоў трэння, а таксама інавацыйныя кампазітныя матэрыялы для адытыўнага прататыпіравання складаных механічных вырабаў.