Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 17 Жнівень 2022 15:21

Летняя школа беларускай мовы і культуры “Пад светлым іменем Купалы” закончыла сваю працу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы

IMG 20220815 144819 553 edit 75161536663009На працягу 12 дзён удзельнікі Летняй школы, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, вывучалі беларускую мову і спасцігалі культурную спадчыну беларускага народа.

Падчас заняткаў па беларускай мове ўдзельнікі знаёміліся з арфаэпічнымі асаблівасцямі беларускай мовы, вывучалі тэматычную лексіку, звярталі ўвагу на адметнасці беларускай арфаграфіі, а таксама выяўлялі спецыфіку культуры беларускага маўлення. З цікавасцю слухачы Летняй школы спазнавалі багаты пласт беларускай фразеалогіі і беларускай безэквівалентнай лексікі.

Асобна была звернута ўвага на жанравую і тэматычную разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры, а таксама на творчасць першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыё імя носіць наш універсітэт.

У межах знаёмства з нацыянальнай беларускай культурай удзельнікі Летняй школы прынялі ўдзел у майстар-класах па традыцыйным народным ткацтве ў студыі “Суквецце талентаў” Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, па нацыянальнай кухні з наступнай дэгустацыяй “Пакаштуйце – смачна!” на базе вучэбна-навукова-вытворчай лабараторыі тэхналогіі грамадскага харчавання ГрДУ імя Янкі Купалы.

Запамінальнымі былі наведванне Музея Максіма Багдановіча, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Музея пісанкі ў Сапоцкіне, а таксама экскурсіі “Гродна – горад-казка”, вандроўка на Аўгустоўскі канал, наведванне Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, Лідскага замка, шклозавода “Нёман” і музея шкла,  царквы Раства Багародзіцы ў в. Мажэйкава, аднаго з найпрыгажэйшых помнікаў абарончага дойлідства ХVІ стагоддзя.

Напрыканцы працы Летняй школы ўсе ўдзельнікі прадставілі творчыя праекты, дзе не толькі прадэманстравалі свой узровень валодання беларускай мовай, але і выявілі жаданне ў наступным годзе далучыцца да працы школы.