Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Май 2022 15:59

У Купалаўскім універсітэце прайшла міжуніверсітэцкая алімпіяда па замежных мовах

 

фото 4У Купалаўскім універсітэце прайшла рэгіянальная міжвузаўская алімпіяда па замежных мовах для студэнтаў нямоўных спецыяльнасцей.

 

Мерапрыемства аб'яднала студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, чыя любоў да англійскай мовы перарасла ў жаданне даказаць, што яны лепшыя на гэтай ніве.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў алімпіяды, дэкан філалагічнага факультэта Святлана Віктараўна Ганчар адзначыла, што кафедра замежных моў ужо другі раз збірае таленавітую моладзь рэгіёну з мэтай павышэння ўзроўню міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння і развіцця цікавасці студэнтаў да вывучэння замежнай мовы ва ўмовах здаровай канкурэнцыі. У мінулым годзе з нашымі хлопцамі спаборнічалі студэнты медыцынскага, а сёлета далучыліся студэнты аграрнага ўніверсітэта. Дэкан выказала спадзяванне, што правядзенне алімпіяды стане яшчэ адной добрай традыцыяй, ініцыяванай купалаўцамі.

Алімпіяда праводзілася ў выглядзе спаборніцтва ў асабістым заліку ў тры этапы.

На першым этапе ўсе студэнты выконвалі заданні, накіраваныя на выяўленне іх ведаў і ўменняў па ўспрыманні маўлення з ліста (чытанне).

Другі этап алімпіяды праходзіў у спецыяльна падрыхтаваных для аўдыравання кабінетах. Удзельнікам былі прапанаваны аўтэнтычныя запісы, накіраваныя на праверку навыкаў успрымання прамовы на слых.

На трэцім этапе ўдзельнікам трэба было з трох прапанаваных сітуацый выбраць адну для аргументаванага выказвання па тэме. Кампетэнтнае журы, якое складаецца з выкладчыкаў трох ВНУ, выслухала 105 спантанных вусных выказванняў сацыяльна-бытавой і сацыякультурнай праблематыкі.

Па выніках трох этапаў дыплом І ступені заваявала студэнтка 1 курса факультэта ветэрынарнай медыцыны УА "Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт" Зямлянская Ангеліна, набраўшы найбольшую колькасць балаў. Другое месца заняла студэнтка 1 курса лячэбнага факультэта УА "Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" Беседина Паліна. Трэцяе месца і дыплом III ступені падзялілі студэнткі 1 курса УА "Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" Газяніна Марыя і Герасімчык Маргарыта, і студэнтка 1 курса УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" Лазуткіна Арына.

Удзельнікі Алімпіяды, якія пацвердзілі ўзровень валодання замежнай мовай не ніжэй за В1 у рамках агульнаеўрапейскіх кампетэнцый (CEFR), атрымалі сертыфікат Алімпіяды. Урачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 20 траўня 2022 года.