Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Снежань 2021 09:16

У Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў абласны этап конкурсу "100 ідэй для Беларусі"

IMG 20211216 200312 561У гэтым годзе самая інавацыйная пляцоўка рэгіёну прыняла ў сябе абласны этап конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Конкурс сабраў больш за 30 праектаў, чатыры з іх прэзентавалі купалаўцы. 

На рэспубліканскім этапе Купалаўскі ўніверсітэт будзе прадстаўляць студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Гіржон з кросплатформавым дадаткам для мадэравання сацыяльных сетак і месэнджэраў «PIE-BOT». Праект дае нямала магчымасцяў па мадэраванні гутарак і чатаў у сацыяльных сетках і ўключае ў сябе некалькі модуляў.

Праект "Авіяцыйны навучальны трэнажор для набыцця практычных навыкаў пілатавання" студэнта 1 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Міхаіла Лобача быў адзначаны прызам Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У сценах тэхнапарку сабраліся наватары і маладыя вучоныя, прасунутая і ініцыятыўная моладзь. Усе яны хочуць унесці свой уклад у развіццё краіны ўласнымі вынаходкамі. Распрацоўкі закранаюць самыя розныя сферы: экалогію, медыцыну, фармацыю і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, сацыяльную сферу. У час вітальнай прамовы першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі падкрэсліў, што адна з асноўных задач Купалаўскага ўніверсітэта - развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый у моладзі. Гэтаму садзейнічае сістэмная работа са студэнтамі, а таксама прадастаўленне магчымасцей Тэхнапарка для рэалізацыі ўласнага патэнцыялу.

Як адзначыў першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ" Андрэй Есін, сёлета вельмі ўдала падабрана пляцоўка для правядзення абласнога этапа конкурсу. Бо падобныя лакацыі спрыяюць фармаванню інавацыйнага мыслення і стартап-руху.

- Вельмі прыемна, што Купалаўскі ўніверсітэт цёпла нас сустрэў і падаў усё неабходнае для правядзення конкурсу. У вашай ВНУ актыўна падтрымліваецца стартап рух і гэта вельмі выдатна, бо ў цэлым у дзяржаве надаецца шмат увагі інавацыйнай дзейнасці моладзі, - адзначыў Андрэй Есін.

Ацэньваліся праекты экспертнай радай, у склад якой увайшлі навукоўцы, лекары, грамадскія і культурныя дзеячы. Найлепшыя праекты ад вобласці стануць удзельнікамі рэспубліканскага фіналу конкурсу.