Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 19 Лістапад 2019 10:16

Марафон з выпускнікамі, біржа вакансій і XVI «Invest Weekend»: Тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 4143Мерапрыемствы ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва праходзяць на факультэце эканомікі і кіравання з 18 па 23 лістапада.

На адкрыцці Тыдня прадпрымальніцтва 18 лістапада для ўдзельнікаў адбыліся майстар-клас «Як развіць стартап да кампаніі Лідэра», прэзентацыя паспяховых практык «Ад генерацыі ідэі да прасоўвання бізнесу» і дзелавая гульня «ProfitHanter». Пра тое, як рэалізаваць паспяховую ідэі, камерцыялізаваць яе і ператварыць у бізнес, студэнтам распавёў старшы выкладчык кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Анатоль Бельскі.

Сёння, 19 лістапада, тэмай сустрэчы стане падрыхтоўка праектаў да ўдзелу ў XVI Гродзенскі Invest Weekend. У гэты дзень з рабятамі падзеляцца вопытам дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў і начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Кірыл Сачэўка.

Марафон з выпускнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы «Ад адукацыі да кар'еры» адбудзецца на факультэце 20 лістапада. Мерапрыемства пройдзе ў фармаце сустрэчы з паспяховымі выпускнікамі, якія з'яўляюцца ўладальнікамі малога і сярэдняга бізнэсаў. Прадпрымальнікі адкажуць на ўсе пытанні студэнтаў і раскажуць сваю гісторыю поспеху.

Працягне Тыдзень сустрэча са старшынёй Гродзенскай гарадской асацыяцыі прадпрымальнікаў, сустаршынёй Рэспубліканскай Канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігарам Чарняковым, падчас якой удзельнікі 21 лістапада абмяркуюць ролю і значэнне прадпрымальніцтва ў эканоміцы Беларусі.

Таксама ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва 22 лістапада пройдзе біржа вакансій. Купалаўцы прэзентуюць свае рэзюмэ для прадстаўнікоў арганізацый-заказчыкаў кадраў, сярод якіх - паспяховыя выпускнікі факультэта эканомікі і кіравання. Па словах арганізатараў, для студэнтаў біржа стане не толькі вопытам самапрэзентацыі, але і шанцам знайсці працу.

Завершыць Тыдзень прадпрымальніцтва XVI Гродзенскі Invest Weekend - конкурс бізнес ідэй і Дзень эксперта, які пройдзе на базе ГрДУ імя Янкі Купалы 23 лістапада са 9.30 да 16.00 па адрасе: вул. Леніна, 32. Свае ідэі прэзентуюць не толькі студэнты факультэта эканомікі і кіравання, але і прадстаўнікі іншых факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.