Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Лістапад 2019 15:14

Фотавыставу ў гонар 65-годдзя гістарычнай адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылі на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму

16860 3На выставе можна даведацца аб развіцці факультэта і яго людзях.

На экспазіцыі прадстаўлены архіўныя дакументы аб адукацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, спісы студэнтаў першага набору, а таксама матэрыялы пра тых, хто стаяў ля вытокаў гістарычнай адукацыі ў Купалаўскім універсітэце. Асобныя стэнды прысвечаны дэканам факультэта і загадчыкам кафедраў, дзе можна ўбачыць фатаграфіі і кароткія біяграфічныя звесткі.

Павітаў удзельнікаў цырымоніі адкрыцця выставы намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровч, які адзначыў вялікі ўклад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў падрыхтоўку гісторыкаў і падкрэсліў ролю найстарэйшага факультэта ў развіцці гістарычнай адукацыі і гістарычнай навукі, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Кароткі экскурс у гістарычнае мінулае факультэта зрабіла ў сваім выступе дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Наталля Улейчык. У сваю чаргу, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святлана Марозава падкрэсліла дасягненні прафесарска-выкладчыцкага калектыву ў падрыхтоўцы гістарычных кадраў у нашым універсітэце, ахарактарызавала асноўныя напрамкі развіцця гродзенскай гістарычнай школы.

Гістарычная даведка:

Гістарычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы быў адкрыты ў 1954 годзе. У сувязі з пераходам Гродзенскага педінстытута на 5-гадовы тэрмін навучання, загадам Міністэрства асветы БССР быў створаны гісторыка-філалагічны факультэт з аддзяленнямі гісторыі, рускай мовы і літаратуры, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. У 1960 г. усе факультэты інстытута перайшлі на 4-гадовы тэрмін навучання, гісторыка-філалагічны факультэт быў падзелены на гістарычны факультэт і філалагічны факультэт. У 1967 г. гістарычны факультэт быў ператвораны ў гісторыка-педагагічны з 5-гадовым тэрмінам навучання. З 1979 году - гістарычны факультэт. У 1994 г. на базе гістарычнага факультэта і кафедры беларускай культуры створаны факультэт гісторыі і культуры. У 2001 годзе факультэт гісторыі і культуры перайменаваны ў гістарычны факультэт. З 2007 - факультэт гісторыі і сацыялогіі. З 2013 - факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму.