Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Сакавік 2018 09:06

Дамова з першым рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку падпісана ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 9634Рэзідэнтам тэхнапарку стала ТАА «Бізнес-інавацыі». Кампанія займаецца інфармацыйна-аналітычнай дзейнасцю, звязанай з распрацоўкай праграмнага забеспячэння, а таксама кансалтынгам ў галіне кіравання.

На сустрэчы ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі першы прарэктар універсітэта Алег Раманаў, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко, начальнік навукова-тэхнічнай частцы Антон Глазеў і дырэктар тэхнапарку Аляксандр Васілевіч.

Як адзначыў дырэктар ТАА «Бізнес-інавацыі» Арцём Іваноў, супрацоўніцтва з Навукова-тэхналагічным паркам дасць больш магчымасцяў для развіцця кампаніі. Чакаецца, што акадэмічныя магчымасці ГрДУ імя Янкі Купалы і практычны вопыт ТАА «Бізнес-інавацыі» увасобяцца ў праекты, запатрабаваныя ў Беларусі і за мяжой.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі бакоў абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва і сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў у ІТ-сферы. У прыватнасці, сярод найбліжэйшых праектаў - распрацоўка інфармацыйных сістэм для патрэб медыцынскай сферы і сферы грамадскай бяспекі.

Нагадаем, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», зацверджанае Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, атрымала статус Навукова-тэхналагічнага парку ў ліпені 2017 года.

Статус рэзідэнта тэхнапарку дае магчымасць камерцыялізацыі навуковых распрацовак і магчымасць пачаць уласны бізнэс пры падтрымцы Бізнес-інкубатара, прадастаўленне ў арэнду працоўнай прасторы і вытворчых плошчаў на ільготных умовах, а таксама арэнда высокатэхналагічнага навукова-даследчага і вытворчага абсталявання. Акрамя таго, рэзідэнты выплачваюць падатак на прыбытак па стаўцы 10% і вызваляюцца ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.