У канферэнцыі прынялі ўдзел аспіранты і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, навуковыя супрацоўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Казахстана.
Навукоўцы абмеркавалі пытанні, прысвечаныя тэарэтычным і прыкладным аспектам захавання біяразнастайнасці, ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя на стан здароўя насельніцтва, удасканалення метадаў экалагічнага маніторынгу. Разглядаўся шырокі спектр праблем кіравання адходамі, выкарыстання водных і глебавых рэсурсаў, рэсурсаў атмасферы. Быў прадстаўлены вопыт дзейнасці па экалагічнай адукацыі і асвеце ў інтарэсах устойлівага развіцця.
– Выкладчыкі Каунаского тэхналагічнага ўніверсітэта і факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы абмяняліся вопытам укаранення найноўшых тэхналогій перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і кіравання адходамі ў ходзе наведвання Гродзенскага завода па ўтылізацыі і механічнага сартавання адходаў. Студэнты-актывісты экалагічнага руху «GreenSun» пагутарылі з кіраўніцтвам завода і даведаліся пра ролю студэнтаў у працы з насельніцтвам па пытаннях паасобнага збору смецця, - распавяла загадчык кафедры экалогіі Галіна Юхневіч.
Па выніках навуковага форуму навукоўцы адзначылі неабходнасць больш актыўнага ўзаемадзеяння ў навуковых і прыкладных праектах, павышэння якасці навуковых публікацый, а таксама падтрымалі прапанову аб сумесным правядзенні міжнародных канферэнцый на базе купалаўскага ўніверсітэта і Універсітэта ў Беластоку.
– Па матэрыялах канферэнцыі выдадзены зборнік навуковых артыкулаў. У цяперашні час вядзецца праца па размяшчэнні поўнага тэксту артыкулаў на платформе Навуковай электроннай бібліятэкі eLibrary.RU і ў Расійскім індэксе навуковага цытавання, - дадала Галіна Генадзьеўна.
У рамках форуму ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, наведалі Музей гісторыі ўніверсітэта, а таксама ўбачылі галоўныя славутасці г. Гродна падчас пешаходнай экскурсіі. У рамках выязной інтэрактыўнай экскурсіі па Рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Азёры» навукоўцы прайшлі па маршруце экалагічнай сцежкі «Азёры» са шматвяковымі дубровамі і месцамі пражывання еўрапейскага зубра, пабывалі ў эколага-адукацыйным візіт-цэнтры «Азёры» і фазанарыі філіяла Гродзенскага мясакамбіната. На майстар-класе ў кампаніі «Мядовы шлях» атрымалі досвед працы з натуральным пчаліным воскам, прадэгуставалі розныя віды мёду і пазнаёміліся з «мядовымі рэцэптамі здароўя».
Арганізатарамі навуковага форума выступілі факультэт біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д. Сахарава БДУ, Універсітэт у Беластоку, Лодзенскі ўніверсітэт і Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт.