Сустрэчы былі прысвечаны электронным базам дадзеных, увядзенню ў паняцце адкрыты доступ і адкрытыя крыніцы інфармацыі для бібліятэкараў, а таксама аблічбоўцы, захоўванню і лічбавым тэхналогіям у бібліятэках.
На заняткі былі запрошаны не толькі прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта, але і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў. У рамках сустрэч яны пазнаёміліся з паняццем баз дадзеных, іх класіфікацыяй, асаблівасцямі ўжывання ва ўніверсітэцкіх бібліятэках. Разгледзелі паняцця «індэкс цытавання», «імпакт-фактар», «паказчык цытуемасці», «індэкс Хірш», абмеркавалі вартасці і недахопы руху за адкрыты доступ з пункту гледжання бібліятэчнага работніка і набылі практычныя веды па працы з базамі дадзеных. Акрамя гэтага, супрацоўнікі бібліятэк універсітэтаў азнаёміліся з перавагамі стварэння лічбавых копій аб'ектаў бібліятэчнага фонду, падыходамі да аблічбоўцы, тыпамі электронных копій і відамі аблічбоўкі. Завяршыліся заняткі віктарынай «Выкарыстанне баз дадзеных як прафесійны абавязак бібліятэчнага спецыяліста».
– У рамках праекта Erasmus + усе ўніверсітэты-удзельнікі распрацоўваюць свае модулі і складаюць праграму навучання да іх. Пасля правядзення серыі пілотных заняткаў на базе сваёй ВНУ ўсе ўдзельнікі абмяняюцца праграмамі модуляў для арганізацыі навучання ў іншых універсітэтах-партнёрах праекта, - адзначыў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько.