Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Снежань 2015 09:00

Штаб працоўных спраў ПА ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы прызнаны лепшым у Беларусі

12679 14У Мінску 2-3 снежня 2015 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага злёту студэнцкіх атрадаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 350 маладых людзей з Беларусі, а таксама прадстаўнікі расійскага атрада, які быў задзейнічаны ў будаўніцтве Беларускай АЭС, і Цэнтральнага штаба грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады».

У першы дзень, 2 снежня, усе студэнцкія атрады, у тым ліку і студэнты з атрада Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, арганізавалі тэматычныя пляцоўкі, дзе дзяліліся працоўным вопытам. Маладыя людзі актыўна ўдзельнічалі ў трэнінгах, гульнях і спаборніцтвах на развіццё лідарскіх якасцяў.

У другі дзень, 3 снежня, у ходзе грамадзянска-патрыятычнага мітынгу «Мы памятаем і ганарымся» ўдзельнікі ўсклалі кветкі і вянкі да манумента Перамогі ў Мінску, а затым наведалі ўрачыстую цырымонію закрыцця трэцяга працоўнага семестра, дзе адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр - 2015 года».

Штаб працоўных спраў першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» з правамі раённага камітэта ГрДУ імя Янкі Купалы па выніках конкурсу быў прызнаны лепшым у Рэспубліцы Беларусь.

Даведка

У 2015 годзе ў Беларусі ў складзе 3836 студэнцкіх атрадаў розных профіляў было працаўладкавана больш за 70 тысяч чалавек. Студэнты 17 атрадаў працавалі ў Маскоўскай вобласці і Краснадарскім краі, а таксама ў Рэспубліцы Комі.

Сродкі, заробленыя ўдзельнікамі беларускіх студэнцкіх атрадаў у ходзе маладзёжнай працоўнай акцыі «Маладосць. Традыцыі. Будучыня» ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, былі накіраваны на будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама на мадэрнізацыю Кургана Славы ў Гродне, на стварэнне моладзевага панадворка ў раёне «Спадарожнік» у Магілёве, на аднаўленне сквера імя Марата Казея ў Мінску, на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці, мемарыяла героям Дняпроўскай бітвы ў г.п. Лоеў і мемарыяльнага комплексу «Камсамольцы і моладзь Любаншчыны», узведзенага ў гонар моладзі, якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны.