Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Снежань 2015 11:49

Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Хума Атакаева стала пераможцай рэгіянальнага конкурсу прамоўніцкага майстэрства сярод замежных студэнтаў «Спяваю маю Айчыну»

12623 11На базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 2 снежня 2015 года адбыўся рэгіянальны конкурс прамоўніцкага майстэрства сярод замежных студэнтаў «Спяваю маю Айчыну».

У спаборніцтве прынялі ўдзел восем студэнтаў-замежнікаў з Азербайджана, Індыі, Туркменістана і Шры-Ланкі. Усе яны атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў гродзенскіх ВНУ.

Конкурс праходзіў у тры этапы.

Кожны ўдзельнік у першым туры «Парад выступоўцаў» прадстаўляў сябе і свой рытарычны дэвіз.

На другім этапе канкурсанты выступалі з прамоўніцкай прамовай: студэнты распавядалі пра радзіму, культуру, традыцыі і звычаі свайго народа, паказвалі фота славутасцяў, якімі ганарыцца іх краіна.

У трэцім туры ўдзельнікі інтэрпрэтавалі рускія прыказкі і прымаўкі і прыводзілі прыклады нацыянальных аналагаў.

Судзейская калегія ацэньвала выступы канкурсантаў па наступных крытэрах: ступень валодання рускай мовай, змястоўнасць і арыгінальнасць прамовы, уменне выразна фармуляваць свае думкі і ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй. У склад журы ўвайшлі старшы выкладчык кафедры рускай мовы ГрДУ імя Янкі Купалы Галіна Мікалаеўна Жданеня (старшыня журы), старшы выкладчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства ГрДУ імя Янкі Купалы Галіна Чаславаўна Мазько і старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў, намеснік дэкана педыятрычнага факультэта ГрДМУ Надзея Аляксееўна Мішонкава.

Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны студэнтка 5 курса юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Кастракова (Туркменістан) і студэнтка 4 курса факультэта замежных навучэнцаў ГрДМУ Айлар Бердзіева (Туркменістан).

Дыпломамі другой ступені адзначаны студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Мейліс Тачмамедаў (Тукрменістан) і студэнтка 2 курса факультэта замежных навучэнцаў ГрДМУ Зала Прыянка (Індыя).

Пераможцамі конкурсу прызнаны студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Хума Атакаева (Туркменістан) і студэнт 4 курса факультэта замежных навучэнцаў ГрДМУ Конрад Джой (Шры-Ланка).