Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 03 Снежань 2015 09:00

Прадстаўніца ГрДУ імя Янкі Купалы Дар'я Шпак прыняла ўдзел у абласным этапе конкурсу «Малады спецыяліст 21 стагоддзя»

12613 2У Гродне 1 снежня 2015 года адбыўся абласны этап конкурсу «Малады спецыяліст 21 стагоддзя». Восем фіналістаў з раённых цэнтраў вобласці і г. Гродна паказалі свае прафесійныя навыкі і таленты. Горад прадставіла дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук ГрДУ імя Янкі Купалы Дар'я Сяргееўна Шпак.

Адкрыў конкурс старшыня судзейскай калегіі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Павел Канстанцінавіч Скрабко. «Другі год запар мы праводзім конкурс «Малады спецыяліст 21 стагоддзя». Гэта годны працяг школы маладога кіраўніка, якая адкрылася ў Гродне некалькі гадоў таму. Сённяшнім фіналістам хацелася б пажадаць добрага настрою і сабранасці, а галоўнае - паказаць усе свае вартасці на вышэйшым узроўні», - адзначыў у прывітальным слове П.К. Скрабко.

У конкурсе «Да вяршыняў майстэрства» фіналісты расказвалі пра сябе. Удзельнікі прадставілі тэатралізаваныя нумары, дзе паказалі свае лепшыя якасці: прафесіяналізм, працавітасць, імкненне пастаянна ўдасканальвацца, вучыцца і пазнаваць свет.

Маладыя спецыялісты дэманстравалі свае таленты ў конкурсе «Творчасць - адлюстраванне асобы». Удзельнікі чыталі вершы ўласнага сачынення, распавядалі хуткамоўкі, спявалі, танчылі, малявалі, спаборнічалі ў спартыўных паядынках і здзіўлялі фокусамі.

Эсэ і відэаролікі аб прафесійнай кар'еры маладых спецыялістаў кампетэнтнае журы ацэньвала завочна.

Званне «Малады спецыяліст 21 стагоддзя» заваяваў настаўнік англійскай мовы і інфарматыкі СШ № 3 г. Дзятлава Тарас Орсік. Другое месца заняла Анастасія Мажэйка, рэжысёр па арганізацыі масавых мерапрыемстваў і тэатральных паказаў у Астравецкім цэнтры культуры і народнай творчасці. Трэцяй стала рэдактар праграмы радыёвяшчання і карэспандэнт газеты «Праца» Алеся Шумовіч.

На думку журы, найбольш цікавую візітную картку і арыгінальны відэаролік паказаў Тарас Орсік. У творчым конкурсе лепшай стала прадстаўніца ГрДУ імя Янкі Купалы - дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Дар'я Шпак. У конкурсе эсэ змястоўныя разважанні аб прафесійнай дзейнасці прадставіла настаўнік англійскай мовы Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Юлія Захарава. Лепшай групай падтрымкі была прызнана каманда Дзятлаўскага раёна.

Арганізатарамі конкурсу «Малады спецыяліст 21 стагоддзя» выступілі аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, савет клуба маладога спецыяліста, ГА «Белая Русь» і ГА «БРСМ».