Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Сакавік 2018 11:27

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўшанавалі памяць Хатынскай трагедыі

1У гэты дзень, 22 сакавіка, прадстаўнікі ўніверсітэта прынялі ўдзел у шэрагу памятных мерапрыемстваў.

Ва ўрачыстым мітынгу  «Не змоўкне ў памяці нашай вашых сэрцаў перазвон» прынялі ўдзел рэктар універсітэта Ірына Кітурка, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко і начальнік аддзела ўпраўлення выхаваўчай работы Андрэй Гецэвіч. Прадстаўнікі ўніверсітэта ўшанавалі памяць загінулых у Хатыні і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.

Таксама ў гэты дзень у Музеі гісторыі развіцця Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылося адкрыццё тэматычнай выставы «Боль і трагедыя беларускіх вёсак», прысвечанай трагедыі спаленых вёсак у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы, навучэнцы ДУА «Гімназія № 6 г. Гродна»,, кіраўніцтва і прадстаўнікі цэнтра валанцёрскай дзейнасці «Веды» Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Прадстаўнікі Музея здзейснілі кароткі экскурс у памятныя і трагічныя дні Вялікай Айчыннай вайны, прадставілі выставачную экспазіцыю і прапанавалі да прагляду дакументальны фільм «Каты Хатыні».