Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Сакавік 2018 08:25

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка сустрэлася з удзельнікамі і арганізатарамі конкурсу «Міс і Містэр універсітэт - 2018»

IMG 9374Адзін з самых папулярных конкурсаў ГрДУ імя Янкі Купалы «Міс і Містэр універсітэт - 2018» прайшоў 15 сакавіка. Яго пераможцы, удзельнікі, вядучыя і арганізатары сабраліся разам яшчэ раз для таго, каб падзяліцца перажытымі эмоцыямі і ўражаннямі.

На сустрэчы рэктар універсітэта Ірына Кітурка падзякавала рабятам за тое незабыўнае свята, якое яны падарылі ўсім гледачам. «Удзел у конкурсе кожнаму з вас падараваў адну з галоўных перамог у жыцці - перамогу над сабой. За час падрыхтоўкі конкурсу вы сталі адной камандай, людзьмі, на якіх можна спадзявацца, а ўдзел у конкурсе даказаў, што ў кожным з вас ёсць вялікі патэнцыял, які вы павінны далей развіваць і ўдасканальваць».

Усім удзельнікам конкурсу былі ўручаны памятныя падарункі. Асобную падзяку Ірына Фёдараўна выказала бацькам рабят: ім перададзены падзячныя лісты. Акрамя таго, падзячнымі лістамі рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы адзначаны арганізатары конкурсу.

Хлопцы ў сваю чаргу падзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі. Так Павел Ханахбееў адзначыў, што яму запомніцца не толькі ўзрушаючая атмасфера самога конкурсу, але і падрыхтоўка да яго, якая аб'яднала і згуртавала рабят.

– Рыхтавацца было няпроста, - распавяла Бажэна Ярэміч, - але вынік быў таго варты : конкурс атрымаўся незабыўным і прафесійным. Я рада, што ўлілася ў гэтую каманду і стала часткай гэтай грандыёзнай падзеі.

Начальнік аддзела культурна-масавай і дасугавай дзейнасці ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Стэльмах адзначыла, што конкурс «Міс і Містэр універсітэт» заўсёды выклікае вялікую цікавасць і карыстаецца вялікай папулярнасцю. «Мы ўдзячныя за тую ўвагу, якая аказваецца гэтаму праекту. Я вельмі спадзяюся, што ў нашым універсітэце акрамя конкурсу «Міс і Містэр» будуць развівацца і іншыя падобныя праекты, якія таксама будуць аб'ядноўваць студэнтаў, выкладчыкаў і кіраўнікоў нашай установы адукацыі, каб купалаўскі ўніверсітэт заўсёды быў адной вялікай дружнай сям'ёй».