Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 29 Сакавік 2016 15:25

Загадчыку кафедры філасофіі педагагічнага факультэта, прафесару, доктару філасофскіх навук Ч.С. Кірвелю прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь»

13641 1 copyПрэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 25 сакавіка 2016 года падпісаў Указ № 110, паводле якога шэраг беларусаў удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод, а таксама ім прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь.

Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» прысвоена загадчыку кафедры філасофіі педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, прафесару, доктару філасофскіх навук Чэславу Станіслававічу Кірвелю.

У 1972 году Чэслаў Станіслававіч Кірвель скончыў філасофскі факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1976 годзе - аспірантуру, а ў 1977 годзе стаў кандыдатам філасофскіх навук.

На пасаду загадчыка кафедры філасофіі ГрДУ імя Янкі Купалы быў абраны ў 1981 годзе, у 1990-ым паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце на тэму «Утопія як форма асваення сацыяльнай рэальнасці». У 1991 годзе яму прысвоілі вучонае званне прафесара.

Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 270 навуковых прац. Чэслаў Станіслававіч Кірвель унёс значны ўклад у развіццё тэорыі ўтопіі і ўсёй навуковай футуралогіі, істотна ўзбагаціў сацыяльную глабалістыку, прапанаваў канцэптуальна новае разуменне сацыякультурных і геапалітычных працэсаў сучаснасці, у прыватнасці - праблем і перспектыў развіцця ўсходнеславянскага свету.

Неаднаразова прафесар выступаў ініцыятарам і арганізатарам буйных міжнародных канферэнцый, міжнароднай філасофскай школы (сумесна з СПБДУ), з'яўляўся Старшынёй спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый. Больш за 30 гадоў кіраваў распрацоўкай навукова-даследчых тэм, што фінансуюцца Міністэрствам адукацыі.

Чэслаў Станіслававіч Кірвель таксама з'яўляецца стваральнікам і кіраўніком дзеючага гарадскога тэарэтыка-метадалагічнага семінара «Актуальныя праблемы сучаснага сацыягуманітарнага ведання».

У 2004 годзе вучоны ўдастоены нагруднага знака «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». У 2005 годзе імя прафесара Чэслава Станіслававіча Кірвеля ўнесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці за вялікі ўклад у развіццё філасофскіх навук, падрыхтоўку маладых навукоўцаў і спецыялістаў, удасканаленне вучэбна-метадычнай і выхаваўчай дзейнасці. У гэтым жа годзе вучоны ўзнагароджаны медалямі «Францыска Скарыны» і «За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы». У 2008 годзе Пленум праўлення Беларускага славянскага камітэта ўзнагародзіў прафесара медалём за актыўны ўдзел у развіцці навуковых і культурных сувязяў паміж славянскімі народамі. У 2012 годзе Чэслаў Станіслававіч Кірвель стаў лаўрэатам III  Міжнароднага славянскага літаратурнага форуму «Залаты Віцязь» у намінацыі «Публіцыстыка», а ў 2013 годзе абраны сапраўдным членам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў.