Надрукаваць гэтую старонку
Нядзеля, 28 Кастрычнік 2018 15:20

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў ходзе рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць

glavnayaПадчас візіту 19 кастрычніка ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дасягненнямі і перспектывамі развіцця ВНУ і пагутарыў са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Прэзідэнту далажылі, што за апошнія гады ва ўніверсітэце значна павялічылася колькасць выкладчыкаў з вучонымі ступенямі і званнямі, ВНУ актыўна займаецца пазабюджэтнай дзейнасцю, прыцягваючы сродкі на сваё развіццё.

Аляксандру Лукашэнка расказалі пра навуковыя даследаванні і прыкладныя распрацоўкі студэнтаў, у прыватнасці, пра працу студэнцкага медыяцэнтра, які ўключае ў сябе тэле- і радыёстудыі, кабінет перыядычнага друку і фатаграфіі. Тут маюць магчымасць займацца і атрымліваць першы журналісцкі досвед не толькі студэнты, але і школьнікі.

Прэзідэнту прадэманстравалі распрацоўкі вучэбнай лічбавай лабараторыі «Технолаб» і студэнцкага канструктарскага бюро «Практычная электроніка». У ліку распрацовак вучэбная лічбавая лабараторыя - лічбавыя датчыкі і прылады, якія ўжо выкарыстоўваюцца на занятках па фізіцы ў шмат якіх беларускіх школах. Айчынныя прылады больш кампактныя і танныя ў параўнанні з замежнымі аналагамі, пры гэтым супастаўныя з імі па якасці. Акрамя таго, абсталяванне мае значны экспартны патэнцыял і ўжо пастаўляецца за мяжу. Было таксама прадстаўлена аўтаматызаванае спектральнае абсталяванне для навуковых даследаванняў. Яно таксама запатрабавана за мяжой.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з праектам «Віртуальная Гродзеншчына». Ён уключае сайт для суправаджэння бязвізавай зоны. Студэнты ствараюць не толькі віртуальныя экскурсіі па славутасцях, але і аб'ёмныя 3D-мадэлі страчаных архітэктурных помнікаў.

Увазе Кіраўніка дзяржавы была прадстаўлена і сеткавая адукацыйная платформа ўніверсітэта - адукацыйны партал. З яго дапамогай студэнты могуць у любы час і ў любым месцы атрымаць доступ да вучэбных матэрыялаў, даведацца актуальную інфармацыю аб дзейнасці ВНУ і нават паразмаўляць у чаце з выкладчыкамі.

Размова ішла і аб будаўніцтве для ВНУ дадатковых карпусоў інтэрнатаў. Гэта ў тым ліку дапамагло б больш актыўна прыцягваць на навучанне замежных студэнтаў. Прэзідэнт цікавіўся коштам праекта і адзначыў, што на гэтае пытанне трэба паглядзець яшчэ і ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі. «Калі самая вялікая праблема з забяспечанасцю інтэрнатамі, то, вядома, дапаможам тут», - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць і прадставіць яму ўсю інфармацыю на гэты конт, у тым ліку па магчымых крыніцах фінансавання, уключаючы мясцовыя сродкі.

У час сустрэчы са студэнтамі гродзенскіх ВНУ Прэзідэнт адзначыў: «Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву, рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі. Гэта патрабаванне сучаснага свету. Часцяком мы пакутуем менавіта ад таго, што не ўмеем выгадна прадставіць інтарэсы і магчымасці нашай краіны за мяжой».

Ён канстатаваў, што гродзенскія ВНУ з'яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, але і па асобных напрамках - усёй краіны. «У сувязі з гэтым трэба, каб умовы навучання былі максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці», - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі актыўна выкарыстоўваецца мадэль «Універсітэт 3.0», працуе па ёй і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. «Вынік гэтай праграмы - ваша сённяшняя прэзентацыя. Вядома ж, па тых напрамках, якія былі прадстаўлены, яна ўражвае», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для дзяржавы важна своечасова заўважыць студэнтаў з ярка выражанымі лідарскімі якасцямі, накіраваных на палітычную кар'еру, звярнуў увагу Прэзідэнт. «Калі вы будзеце арыентаваны і на дзяржаўную службу, я буду гэта толькі адабраць, - сказаў ён. - Кіраўніцкія навыкі трэба развіваць. Для гэтага ў нас існуе Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Цяпер мы фарміруем там цэласную сістэму адбору прэтэндэнтаў на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Я даручыў, каб пакінулі невялікае месца для таго, каб маглі і пасля сярэдняй школы там атрымліваць адукацыю, але толькі самыя таленавітыя і перспектыўныя».

«Калі кіраўнікі, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы Прэзідэнтам, будуць талковымі, адукаванымі, гатовымі выконваць свае функцыі, краіна будзе нармальнай. Пераважная колькасць нашых поспехаў залежыць ад таго, якое кіраванне. Таму буду вельмі рады, калі ў вас з'явіцца дзясятак-другі будучых дзяржслужачых, кіраўнікоў. Мы гатовыя іх прыняць у Акадэмію кіравання, таму што гэта будзе зусім новая навучальная ўстанова», - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што годных і гатовых да дзяржслужбы маладых людзей у Беларусі будуць усяляк падтрымліваць.

«Ёсць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна трывожыць, - гэта імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэтае пытанне трывожыць нават не толькі з таго пункту гледжання, што людзі хочуць вучыцца за мяжой. «Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, з'едуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, - растлумачыў ён. - Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці ехалі ці не ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мая вам рада - не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрапіць у вышэйшы эшалон грамадства за мяжой немагчыма. «Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога гатунку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзве тысячы чалавек, якія атрымліваюць там адукацыю, і, можа, палова з іх застаецца, - гэта не праблема для дзяржавы. Але ўсё роўна я як Прэзідэнт хацеў бы, каб нашы маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі часам робяцца спробы зламаць існуючую сістэму адукацыі і прыўнесці ў яе не заўсёды станоўчыя навіны. «Можа быць, не так, але ў мяне склалася такое ўражанне, што ўсіх пачалі рабіць  бакалаўрамі, загоняць ўсіх у магістратуру - вось тады ты будзеш сапраўды спецыялістам. Гэта няправільна, - лічыць Прэзідэнт. - Спецыяліст - гэта той, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце. Хочаш быць навукоўцам - калі ласка, ідзі ў магістратуру, аспірантуру».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў хуткім часе правядзе нараду, падчас якой члены Урада даложаць, як выконваюцца яго даручэнні па развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне.

«Я глядзеў на вашых рабят, якія прадстаўлялі свае работы, і мяне не пакідала думка: ды нармальныя хлопцы, абсалютна, як у нас прынята казаць, на еўрапейскім узроўні. Яны нават вышэй за іх. Навошта, пытаецца, ламаць адукацыю ва ўніверсітэце? Сапраўды гэтак і ў іншых ВНУ. Удасканальваць - трэба. Але для гэтага нам не трэба ні сістэму ламаць, ні нашых людзей. Патрэбны сучаснае абсталяванне, методыкі, зносіны, каб вы бачылі, якога ўзроўню дасягнулі вашыя канкурэнты. І ў гэтай канкурэнтнай барацьбе трэба перамагаць, калі мы хочам чагосьці дамагчыся», - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць беларускую адукацыю канкурэнтаздольнай і запатрабаванай у свеце. На яго думку, часам існуючае меркаванне пра тое, што замежная вышэйшая адукацыя лепшая за беларускую, не апраўдана. «Добра там, дзе нас няма. Гэта не я прыдумаў. Гэта выпакутавана народам, - сказаў ён. - Гэта таму, каб вас туды зацягнуць, каб вы туды паехалі. А там не танна».

Дадзены тэзіс пацвярджаецца тым, што ў беларускіх ВНУ навучаюцца сотні і тысячы замежных грамадзян. Напрыклад, шмат студэнтаў з Кітая. «У іх адукацыйныя цэнтры, вельмі багатая краіна, але вучацца ў нас. І выяўленчым мастацтвам, медыцыне, і па іншых напрамках. Хоць узровень развіцця ў іх вельмі высокі», - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што калі па заходніх рэйтынгах беларускія ВНУ могуць займаць апошнія пазіцыі з ліку лепшых, то, напрыклад, па кітайскіх яны знаходзяцца ў пачатку аналагічных рэйтынгаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такая расстаноўка пазіцый у заходніх рэйтынгах у тым ліку накіравана на папулярызацыю іх адукацыйных паслуг.

Аляксандр Лукашэнка разам з тым падкрэсліў, што ў Беларусі гатовы і будуць пераймаць усё лепшае, што ёсць у адукацыі на Захадзе, але не слепа капіраваць. «Рэвалюцыі нам не патрэбныя. Мы ўжо прайшлі ўсе гэтыя рэвалюцыі, асабліва ў адукацыі», - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама адзначыў, што беларускім ВНУ неабходна працаваць над развіццём вучэбна-лабараторнай базы, будаўніцтвам новых інтэрнатаў, у тым ліку для прыцягнення замежных студэнтаў і экспарту адукацыйных паслуг.

Студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падарылі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнка альбом з гравюрамі гістарычных асоб, жыццё і дзейнасць якіх звязана з горадам. У альбоме размешчаны выкананыя пяром і тушшу гравюры Давыда Гарадзенскага, Вітаўта, Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза, Алаізы Пашкевіч. Кожны малюнак папярэднічае біяграфія асобы. Аўтарам гравюр стаў выпускнік факультэта мастацтваў і дызайну Віктар Ліцвінюк. Работы мастака выстаўляліся ў Беларусі і за яе межамі.

Падарунак кіраўніку дзяржавы студэнты ўручылі пасля больш чым двухгадзіннай размовы з ім. Прэзідэнт сфатаграфаваўся на памяць з выкладчыкамі і навучэнцамі. Звяртаючыся да студэнтаў кіраўнік дзяржавы пажадаў ім не спяшацца ў прыняцці рашэнняў і не рабіць памылак. «У маладыя гады вельмі складана сябе стрымліваць, таму вы не спяшайцеся. Гэта першае. Другое - не рабіце зараз памылак, пасля якіх вам потым будзе сорамна ці нязручна, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Я іх таксама здзяйсняў. Я гэта ўспамінаю, і мне як мінімум непрыемна, а за некаторыя - сорамна. Таму не рабіце памылак, за якія будзе сорамна. А каб іх не здзейсніць, вы ніколі не спяшайцеся». Прэзідэнт таксама пажадаў маладым людзям не баяцца ставіць перад сабой нават завоблачныя, як ім можа здацца, мэты. «Стаўце перад сабой вялікія мэты. Нават калі вы гэтай мэты не дасягнеце, калі вы не дойдзеце да гэтай адзнакі, усё роўна, ідучы да яе, вы дасягнеце большага», - адзначыў ён.

Па матэрыялах сайта www.president.gov.by і БелТА